Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агучылі прысуд шостай групе фігурантаў «карагоднай справы»


Карагод у Берасьці 13 верасьня 2020
Карагод у Берасьці 13 верасьня 2020

На гэты момант вынесьлі 7 калектыўных прысудаў абвінавачаным ва ўдзеле летась 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава.

Паводле Сьледчага камітэту Берасьцейскай вобласьці, вызначана 115 чалавек, якія мелі дачыненьне да гэтага «злачынства». Агулам у «карагоднай справе» асудзілі ўжо больш за 80 асобаў.

На гэты раз у Ленінскім раённым судзе Берасьця судзьдзя Дзьмітры Куроўскі пакараў:

  • Кацярыну Бровач 1 годам 6 месяцамі «хатняй хіміі»;
  • Сяргея Канановіча 1 годам 6 месяцамі «хіміі»;
  • Арцёма Ласкага 2 гадамі «хіміі»;
  • Глеба Нікановіча 1 годам 6 месяцамі «хіміі»;
  • пэнсіянэра Віктара Атрошку 2 гадамі «хатняй хіміі»;
  • Тацяну Рагачоўскую 2 гадамі «хатняй хіміі»;
  • Юрыя Сацюка 1 годам 6 месяцамі «хатняй хіміі»;
  • Ігара Сямыкіна 1 годам 6 месяцамі «хіміі»;
  • Арцёма Тарасюка 1 годам 6 месяцамі «хіміі».

А таксама некалькіх фігурантаў, якія да моманту прысуду знаходзіліся пад вартай:

  • Аляксандра Жука 1 годам 6 месяцамі «хіміі»;
  • тэлевядоўцу «Беларусь-4» Канстанціна Сьвідуновіча 1 годам 6 месяцамі «хіміі».

Раней такія ж самыя тэрміны для абвінавачаных запрасілі пракуроры Аляксандар Бацюшка і Міхаіл Юшчук.

У чым абвінавацілі падсудных?

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна «ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацыяў і прадпрыемстваў. З прычыны прастою тралейбуснаму парку нанесеная шкода ў суме 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін закрыліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня.

Адначасова разглядалася справа паводле ч. 2 арт. 339 КК «Злоснае хуліганства» ў дачыненьні Ігара Вінакурава (ужо асуджаны ў «карагоднай справе» у 5-й частцы фігурантаў на 2 гады і 6 месяцаў «хіміі»), Ільлі Ягорава, які з 24 сакавіка 2021 года знаходзіўся пад вартай, і Данііла Дзіткоўскага (Ільля і Данііл — фігуранты 6-й групы «карагоднай справы»). Іх абвінавацілі ў пашкоджаньні камэр «Белтэлекаму» і «нанясеньні цынічных надпісаў». Пры гэтым сума ў 171 рублёў 60 капеек ужо кампэнсавала дзяўчына Ягорава, пра гэта яна заявіла на адным з судовых паседжаньняў.

У выніку Вінакураву прысудзілі 2 гады 6 месяцаў «хіміі» (з улікам ягонага ранейшага пакараньня), Дзіткоўскаму 2 гады «хіміі» (пакараньне толькі ў справе аб «злосным хуліганстве»), Ягораву 2 гады 6 месяцаў «хіміі» (з улікам справы аб «злосным хуліганстве»).

23 жніўня фігуранты 6-й групы выступілі з апошнім словам. Праваабаронцы працытавалі прамову Кацярыны Бровач:

«...Нічога зь перажытага за апошнія пяць месяцаў я ўжо ня ў стане ні забыць, ні дараваць. Ня буду таксама хлусіць, што мне было проста перажыць гэтыя месяцы з усьмешкай на твары. Ня буду прыкідвацца, што цяпер не сабрала ўсю волю ў кулак, каб мой голас не дрыжэў і гучаў упэўнена. Ня буду ўдаваць, што за ўвесь час у мяне ані разу ня ўзьнікла жахлівая думка пра тое, што калі аднойчы я не вярнуся з абеду ў офіс, на наступны дзень я не вярнуся дадому. Ніколі б не падумала, што маё жыцьцё будзе нагадваць сюжэт малабюджэтнага сэрыялу.

Раздаеш запасныя ключы родным і сябрам з просьбай у выпадку чаго абавязкова, абавязкова дагледзець ката. Думаеш: «Як адрэагуе тата, калі я ўсьлед за сваім маладым чалавекам раптам рэзка перастану выходзіць на сувязь? Хто, у выпадку чаго, прынясе яму сардэчныя кроплі?»

Разрываесься паміж працай, допытамі, адвакатам і паходамі ў СІЗА і на пошту. Кожны вечар перад сном думаеш: адключуся праз хвіліну ад стомленасьці або зь цяжкасьцю засну на сьвітаньні? Падлічваеш выдаткі і сумна ўсьміхаесься: «Ніяк не маглі сабраць маме на помнік. А вось я ўжо якраз патрэбную суму патраціла».

І няхай кожны раз я была ветлівая, пры кожнай новай сустрэчы за маёй усьмешкай заўсёды была думка пра тое, на чыёй адказнасьці кожная зморшчынка на твары і кожны сівы валасок на галаве бацькоў, выкрадзенае здароўе ў мяне і майго блізкага чалавека. Я таксама маладая і амбіцыйная і не разумею, чаму я цаной свайго паламанага жыцьця павінна станавіцца чарговай прыступкай чыёйсьці кар’ернай лесьвіцы (...)

Я шчыра захапляюся хлопцамі пад вартай. Хоць я ня ў стане вярнуць вам ні хвіліны скрадзенага ў вас часу, я ганаруся кожным з вас, што нават праз такі доўгі тэрмін зьняволеньня вы ўсе так выдатна выглядаеце і так годна трымаецеся. Некаторымі я ганаруся асабліва. Хачу запомніць гэты пэрыяд як час самых прыемных чэргаў, дзе чаканьне перадачы ў СІЗА зь лёгкасьцю магло б замяніць сэанс курсу псыхатэрапіі.

Я ўдзячная адвакатам, якія так самааддана працягваюць выконваць сваю працу нават у эпоху, калі «ўсе цудоўна ўсё разумеюць». І, нягледзячы ні на што, наўрад ці я адчувала сябе больш шчасьлівай, чым цяпер. Таму што я ведаю, што такое падтрымка каханага чалавека, што такое абарона старэйшай сястры, што такое бацькоўская мудрасьць, што такое сапраўдныя сябры — тыя самыя, зь якімі і ў агонь, і ў ваду. Бо кожны можа любіць, калі ўсё добра, і далёка ня кожны зможа працягваць любіць і заставацца побач, калі сьвет руйнуецца і зямля сыходзіць з-пад ног. А мяне любяць насуперак усяму.

Гэта быў балючы і траўматычны досьвед. Але з такой падтрымкай я ўсё яшчэ ў стане трымаць сьпіну прама. Сёньня, на жаль, я ня веру і не спадзяюся ні на цуд, ні на справядлівасьць, ні на вышэйшыя сілы. Але ўсё яшчэ ўпарта працягваю верыць у дабро, сумленьне і, зразумела, у сябе».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG