«Маша Калесьнікава флейтыстка, працуе швачкай у гомельскай турме (папраўчай калёніі. — РС). Пазьменна, па восем гадзін. Астатні час — палітвучоба і іншае выяданьне мозгу. На чытаньне за дзень — пятнаццаць хвілін. Паўгадзіны на прагулку», — напісала Алена Макарава.
Паводле яе, разам з Калесьнікавай у камэры знаходзіцца 17 жанчын. Сярод іх Марыя — адзіная «палітычная», з жоўтай нашыўкай на вопратцы.
«Сукамэрніцы яе цураюцца. Яна — той самы грэх, ад якога трэба трымацца далей. У кожнай камэры па адным „палітзлачынцу“, ім забаронена размаўляць паміж сабой нават на шпацыры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Два гады таму аб’ядналіся штабы. Знакамітае фота Калесьнікавай, Ціханоўскай і ЦапкалыАлена Макарава адзначыла, што пасылкі Марыі можна атрымліваць 4 разы на год па 50 кг.
«Іх ёй прывозіць тата, але яго яна не бачыць. Спатканьні з татам — раз на тры месяцы па гадзіне, праз шкло. 10 хвілін на тыдзень можна гаварыць зь ім, але калі прагучыць нешта, што чалавеку, які праслухоўвае, не даспадобы, размова перарываецца.
Сябры спрабавалі перадаць ёй дзіцячую цацку-флейту, ёй яе паказалі, але не выдалі. Яна прасіла ноты. Двойчы ўдалося пераслаць іх, перапісаныя ад рукі, ва ўнутранай частцы ліста. У апошні час лісты ад сяброў да Машы не даходзяць».
Пры гэтым аўтарка паста адзначыла, што, нягледзячы на такія ўмовы ўтрыманьня, Марыя не адчайваецца.
«Яна напоўнена ўнутранай сілай і з-за сьценак падтрымлівае бацьку і сястру. Як падтрымлівае, чым? Любоўю і нязломнай усьмешкай. У ёй такі стрыжань, што яна і ў няволі адчувае сябе свабоднай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Марыя Калесьнікава стала ляўрэатам прэміі Бруна КрайскагаКіраўніцу штабу Віктара Бабарыкі на выбарах 2020 году Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі 7 верасьня 2020 году, спрабавалі прымусова яе вывезьці ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікава на мяжы парвала на шматкі свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Там яе адразу затрымалі.
Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году яе асудзілі на 11 гадоў калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
КДБ абнавіў сьпіс «тэрарыстаў» — у ім 15 новых прозьвішчаў, сярод іх Марыя Калесьнікава і Максім Знак