«Іван хацеў стрэліць з гранатамёта ў танк, стаў у поўны рост — і яго адразу расстралялі». Сьведка пра гібель «Брэста» і іншых беларусаў

Іван «Брэст» Марчук

Шэсьць беларусаў з палку імя Кастуся Каліноўскага не вярнуліся 26 чэрвеня з заданьня, якое яны выконвалі пад Лісічанскам. Пазьней стала вядома пра гібель камандзіра батальёну «Волат» Івана «Брэста» Марчука. 

Расейскія тэлеграм-каналы паказалі допыты палонных беларусаў Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзёгцева. Трое астатніх — Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік і Вадзім «Папік» Шатроў — усё яшчэ лічацца зьніклымі бязь вестак, мяркуецца, што ўсё яны загінулі ў тым баі.

Некалькі беларусаў выжылі пад Лісічанскам. Адзін зь іх, R., на ўмовах ананімнасьці пагадзіўся расказаць пра той бой.

«25 чэрвеня з УСУ паступіла, можна сказаць, баявая трывога, што патрэбна наша дапамога для прыкрыцьця адыходу ўкраінскіх войскаў зь Лісічанску. Каб праціўнік не адрэзаў групоўку, якая адступае, і ня ўзяў іх у шчамлёткі. Мы павінны былі стрымліваць праціўніка ў адным з кірункаў, недалёка ад Лісічанскага нафтаперапрацоўчага заводу», — кажа ён.

Сам R. тлумачыць, што знаходзіўся доўгі час на пазыцыях пад Мікалаевам, але быў прыкамандзіраваны да «Волата». Пра гэта асабіста прасіў «Брэст», якому патрэбен быў спэцыяліст. R. прабыў у Кіеве літаральна адзін дзень, а ўжо адтуль накіраваўся ў Краматорск.

«Калі мы прыехалі туды 25 чэрвеня, то там ужо актыўна ішлі баявыя дзеяньні. Прыпаркавалі аўтамабілі, пайшлі ў будынак. Па НПЗ працавалі танкі праціўніка, вяліся абстрэлы. „Брэст“ накіраваўся ў штаб для больш дакладнага праясьненьня задачы. З намі таксама былі грузіны з Іншаземнага легіёну, мы разам павінны былі ўтрымліваць рубяжы. Ноччу адправіліся на пазыцыю. Грузіны адправіліся першымі, бо ў іх былі прыборы начнога бачаньня. Мы дачакаліся ранку і выйшлі на наш рубеж».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я паставіў на кон усё». Няскончанае інтэрвію з Іванам «Брэстам», які загінуў ля Лісічанску

Суразмоўца Свабоды кажа, што камандзір прыняў рашэньне, што занятая пазыцыя нявыгадная і трэба рухацца наперад.

«У выніку мы аказаліся дастаткова далёка ад саюзных сілаў, фактычна наша група была ў тыле праціўніка. Мы зрабілі аблёт з дапамогай бесьпілётніка, але нічога не знайшлі, бо там была вельмі густая расьліннасьць, а тэхніку старанна схавалі. Таксама тэхніка была схаваная ў ангарах у населеным пункце. Дронам было вельмі цяжка кіраваць, было шмат вонкавых узьдзеяньняў на яго, таму мы яго пасадзілі. Калі спрабавалі адступаць, то зайшлі ў „зялёнку“ (на вайсковым жаргоне гэта лес, лясістая мясцовасьць. — РС), дзе сутыкнуліся з ротай праціўніка, якая рыхтавалася да атакі на НПЗ. Завязаўся вельмі шчыльны бой, дыстанцыя да праціўніка была ўсяго каля 15 мэтраў. Усе пачалі страляць, падаць, адпаўзаць».

Пасьля гэта беларусы адступілі на блізкую вышыню, пры гэтым ніхто ня быў нават паранены. R. называе гэта сапраўдным цудам.

«Ужо на вышыні на нас выехала расейская тэхніка — танкі, а таксама бронеаўтамабілі „Тыгр“. Тэхніка была схаваная ў „зялёнцы“ і завялася, калі пачаўся бой. Пасьля абстрэлаў з танка і кулямётных чэргаў з „Тыграў“ у нас зьявіліся першыя цяжка параненыя. Эвакуаваць іх адтуль не было ніякай магчымасьці, бо там адкрытая мясцовасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы нясём такую ж калектыўную адказнасьць, як і „ябацькі“». Як беларус пакінуў сям’ю і бізнэс і пайшоў ваяваць за Ўкраіну

Па словах беларускага добраахвотніка, першым раненьне атрымаў іх камандзір «Брэст».

«Ён спрабаваў стрэліць з гранатамёта ў танк. Як толькі стаў у поўны рост, яго адразу расстралялі. Незразумела да канца, з чаго менавіта стралялі, але раненьні былі кулявымі. Ішоў вельмі шчыльны агнявы кантакт. Было задзейнічана шмат кулямётаў. Чуўся такі трэск, гук ад куляў, калі яны прызямляліся побач, і фантанчыкі зямлі ўзьляталі ўгору. Я бачыў краем вока, як на дарозе нехта ляжаў. Хутчэй за ўсё, гэта быў „Брэст“. Ён быў у вельмі цяжкім стане: ні весьці бой, ні самастойна адыходзіць ён ужо ня мог».

R. кажа, што змог нават стрэліць з гранатамёта. Ён расказвае, што іншыя ўдзельнікі бою, якія выжылі, кажуць, што пападаньні ў танк праціўніка былі, але яны не прабівалі браню.

«Калі глядзець па здымках, якія выклалі расейцы, то відаць, што ў „Сябро“ шмат кулявых: і ў нагу, і ў руку, і ў твар. Што тычыцца „Атама“, то іншы хлопец, які таксама выратаваўся, бачыў яго. „Атам“ быў у самым цяжкім стане сярод нас усіх, у яго не было паловы сьпіны, нешта зрабіць было немагчыма. І „Брэст“, і „Сябро“, і „Атам“, хутчэй за ўсё, загінулі вельмі хутка пасьля атрыманых раненьняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палоненых байцоў беларускага палка імя Каліноўскага Дзюрбейку і Дзягцёва ўключылі ў сьпіс на абмен

Добраахвотнік кажа, што расейцы пераўзыходзілі іх у сіле ў пяць-дзесяць разоў. Таксама адбілася ня самая выгадная пазыцыя — гэта адбывалася на краі яру, а да найбліжэйшага лесу было каля 300-400 мэтраў.

«Мяне параніла ў нагу, куля прайшла між пальцаў. Я пачаў адпаўзаць па гэтым полі. Праціўнікі мяне бачылі: калі я толькі падымаўся на карачкі, каб хутчэй рухацца, то па мне пачынаў працаваць кулямёт. Калі гаварыць на ваеннай тэрміналёгіі, то кулямёт страляў па мне „на сем гадзін“. Калі я клаўся цалкам, то кулі не даставалі мяне, праляталі над галавой. Я так мог паўзьці 50 мэтраў, потым зноў падымаўся на карачкі — і па мне зноў стралялі», — расказвае R.

Суразмоўца кажа, што на працягу ўсяго бою чуў размовы праціўнікаў, яны абмяркоўвалі раненьні, шляхі абыходу. Беларус чуў, што сярод расейцаў таксама былі параненыя, але не ўпэўнены, колькі іх было і наколькі цяжкімі былі тыя раненьні.

«Калі я поўз, то разумеў, што, хутчэй за ўсё, ня выберуся. Нават калі дапаўзу да канкрэтнага пункту, то расейцы будуць ужо там і мяне застрэляць. У мяне была адна граната з сабой, думаў кідаць у праціўнікаў, але яны былі далёка, зьбіраўся нават падарвацца на ёй. Быў такі стан пад адрэналінам, рашэньні прымаліся і мяняліся кожныя тры сэкунды, у выніку прыняў канчатковае, што трэба паўзьці. У мяне была з сабой рацыя, я пэрыядычна зьвязваўся са сваімі, яны чакалі мяне на пункце эвакуацыі. Я прапоўз мэтраў шэсьцьсот і прабег тры кілямэтры з параненай нагой. На месцы эвакуацыі сустрэў іншых пабрацімаў, якія выжылі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Полк Каліноўскага абвінаваціў BySol у «расьпілоўваньні грошай». У BySol адказалі

Калі ў машыны грузіліся байцы, якія выжылі, то ў тым месцы ўжо таксама вёўся абстрэл, пачала таксама працаваць артылерыя.

«„Брэст“ — гэта вельмі шчыры чалавек, сапраўдны. Мы зь ім неяк вельмі добра стасаваліся, знаходзілі агульную мову. Мы шмат зь ім прайшлі разам, удзельнічалі ў баях пад Мікалаевам, удвух бралі палонных расейцаў. Гэта быў сапраўдны ваяр», — кажа R. пра свайго камандзіра.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.