Галоўны санітарны лекар: У Беларусі рост захворваньня на ковід чакаецца на пачатку верасьня

У Беларусі рэгіструецца новы варыянт омікрона — ВА.5, паведамляе Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на намесьніка міністра — галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Аляксандра Тарасенку.

Ён адзначыў, што штам омікрон мутуе, «у Заходняй Эўропе, Амэрыцы — рост захворваньня, нягледзячы на дастатковую колькасьць вакцынаваных».

У Беларусі, сказаў Тарасенка, уздыму захворваньня няма, краіна перажывае міжэпідэмічны пэрыяд, рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі ковіду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хваля новых варыянтаў «Омікрону» коціцца па Эўропе. Экспэрты загаварылі пра вяртаньне абмежаваньняў

Разам з тым на пачатку верасьня чакаецца рост захворваньня на ковід, сказаў галоўны санітарны лекар. У сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя рэкамэндуе вакцынавацца, асабліва людзям з груп рызыкі. Тым, хто прайшоў поўны курс вакцынацыі паўгода таму і больш, трэба зрабіць бустэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры месцы арганізму, па якіх б’е зацяжны COVID-19

«На сёньня мы наблізіліся да 70-працэнтнай вакцынацыі людзей ад 12 гадоў і старэйшых, — зазначыў Тарасенка. — Вакцыны і для поўнага курсу, і для бустэрызацыі дастаткова: у наяўнасьці „Спутник V“, „Спутник Лайт“ і кітайская вакцына Vero Cell. Гэта тыя прэпараты, зь якімі мы працуем ад пачатку кампаніі».

Раней, падчас дзеяньня абмежавальных захадаў у Эўропе, Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць увозу заходніх вакцын, каб апанэнты ўлады не маглі з сэртыфікатамі выяжджаць з краіны і «атрымліваць інструкцыі».