Злачынствы супраць чалавечнасьці. У АБСЭ апублікавалі другую справаздачу аб ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне
Рука забітай у Бучы жанчыны. Кіеўская вобласьць, сакавік 2022
Шматлікія сьведчаньні, сабраныя і задакумэнтаваныя экспэртамі Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ), паказваюць, што Расея вінаватая ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці ў вайне, разьвязанай Уладзімірам Пуціным на тэрыторыі Ўкраіны.
Гэта адзначаецца ў другой справаздачы «Маскоўскага мэханізму» АБСЭ, якая ахоплівае пэрыяд з 1 красавіка да 25 чэрвеня 2022 году. Папярэдняя справаздача была апублікаваная 13 красавіка, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс паведаміў, што дзьве справаздачы зьяўляюцца найбольш поўным дакумэнтам аб парушэньнях Расеяй правоў чалавека, міжнароднага гуманітарнага права, уключаючы патэнцыйныя ваенныя злачынствы.
«Злучаныя Штаты і нашы партнэры будуць імкнуцца прыцягнуць да адказнасьці вінаватых ва ўсіх парушэньнях правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права», — заявіў Нэд Прайс.
У справаздачы адзначаецца, што маштаб і колькасьць удараў, якія наносяцца па цывільных асобах і аб’ектах ва Ўкраіне, зьяўляюцца «дакладным сьведчаньнем, што баявыя дзеяньні вядуцца расейскімі ўзброенымі сіламі насуперак іх фундамэнтальнаму абавязаньню выконваць асноўныя прынцыпы міжнароднага гуманітарнага права».
У дакумэнт уключаныя доказы і дакумэнты аб злачынствах расейскай арміі ў Бучы і Ірпяні, якія наведвала місія АБСЭ, аб марадэрстве і дэпартацыі грамадзян Украіны, аб злачынствах супраць дзяцей і крадзяжы ўкраінскай сельгаспрадукцыі.
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль 15 ліпеня заявіў, што Ўкраіна заклікала міжнародную супольнасьць прызнаць Расею спонсарам тэрарызму.
«Цынічныя і жорсткія абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Мікалаеў, Часаў Яр, Віньніца. Загінулі дзясяткі цывільных жыхароў. Расея працягвае палітыку запалохваньня і тэрарызму, а таму мусіць быць прызнана дзяржавай-тэрарысткай на міжнародным узроўні», — заявіў Дзяніс Шмыгаль 15 ліпеня ў часе размовы з адміністратарам Агенцтва ЗША ў міжнародным разьвіцьці Самантай Паўэр.