Эўрапейскае касьмічнае агенцтва спыніла супрацоўніцтва з расейскай кампаніяй «Роскосмос» у місіі ExoMars

Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта заявіў кіраўнік ЕКА Ёзэф Ашбахер, якія спаслаўся на рашэньне кіраўніцтва арганізацыі.

У сакавіку такое супрацоўніцтва спынілася ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны. Па словах Ашбахера, абставіны, якія вясной паўплывалі на пазыцыю ЕКА, «працягваюць пераважаць».

Кіраўнік «Роскосмоса» Дзьмітрый Рагозін заявіў, што дасьць каманду расейскаму экіпажу на Міжнароднай касьмічнай станцыі «спыніць працу з эўрапейскім маніпулятарам ERA».

У рамках праекту ExoMars-2022 плянавалася, што ў жніўні-верасьні сёлета на Марс адправяць марсаход. Кіраўнік «Роскосмос» запытаўся ў Ашбахера, ці гатовы ён «адказаць перад чалавецтвам» за «сабатаж» марсіянскай місіі.

Марсаход меўся адправіцца з касмадрому Байканур на ракеце-носьбіце «Пратон-М» на Марс і павінен быў, у прыватнасьці, зьбіраць на плянэце доказы існаваньня жыцьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэф NASA лічыць, што Кітай хоча забараніць іншым краінам дасьледаваць Месяц
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NASA паказала, як сусьвет выглядаў 4,6 мільярда гадоў таму. ФАТАФАКТ