На Мікалаеў, Харкаў і Данбас ляціць усё больш расейскіх ракет. У горадзе Часаў Яр колькасьць загінулых павялічылася да 38

Разбурэньні ў Часавым Яры

Расейскія войскі актывізавалі нанясеньне ракетных удараў па Мікалаеўскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай і Херсонскай абласьцях. Шмат разбурэньняў і ахвяр.

Мікалаеў абстралялі праз 10 хвілін пасьля паветранай трывогі

Паветраная трывога над Мікалаевам пачалася ў 4:06, і ўжо празь дзесяць хвілін мясцовыя жыхары пачулі моцныя выбухі. Мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч паведаміў, што ракеты пацэлілі ў дзьве мэдычныя ўстановы і жылыя будынкі. Папярэдне сама меней чацьвёра грамадзян атрымалі раненьні. Абстрэлы выклікалі некалькі вялікіх пажараў, у тым ліку ў двухпавярховым жылым будынку.

У Баштанскім раёне Мікалаеўскай вобласьці расейцы абстрэльвалі адкрытыя тэрыторыі за межамі населеных пунктаў, а ў мястэчку Першамайскае Мікалаеўскага раёну пашкоджана прыватнае сельгаспрадпрыемства. Пацярпелых няма.

Тэрытарыяльны кантроль Украіны 12 ліпеня 2022

На Херсоншчыне ад абстрэлаў гараць лясы і ўгодзьдзі

Украінскія ўлады гавораць пра крытычную сытуацыю ў Херсонскай вобласьці. У выніку абстрэлаў толькі з пачатку ліпеня ў вобласьці зафіксавалі 75 маштабных пажараў.

Паводле эколягаў, з пачатку вайны пажары, выкліканыя моцнымі ракетнымі ўдарамі, зьнішчылі экасыстэмы больш як на 100 тысячах гектараў.

У вобласьці працягваюць фармаваць акупацыйную ўладу і залучаць у яе шэрагі грамадзян Украіны.

Паліцыя Херсонскай вобласьці паведаміла, што расейцы захапілі Інстытут жывёлагадоўлі стэпавых раёнаў «Асканія Нова».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея абстрэльвае поўдзень і ўсход Украіны. У горадзе Часаў Яр на Данеччыне пад заваламі знайшлі 24 забітых. ФОТА

У горадзе Часаў Яр з-пад завалаў дасталі цела 9-гадовага хлопчыка

Украінскія ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы разбуранага пяціпавярховага дома ў горадзе Часаў Яр на Данеччыне. Уначы змаглі дастаць яшчэ некалькі целаў, у тым ліку 9-гадовага хлопчыка. Агульная колькасьць загінулых у выніку абстрэлу жылога дома павялічылася да 38.

Расейцы працягваюць абстрэльваць Тарэцк і Славянск. За апошнія 24 гадзіны ў Данецкай вобласьці загінулі 9 цывільных і яшчэ 2 атрымалі раненьні.

Адначасова расейскія войскі накіроўваюць ракетныя ўдары на мяжу Луганскай і Данецкай абласьцей, дзе знаходзяцца пазыцыі ўкраінскага войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна рыхтуецца да контрнаступленьня ў Херсонскай вобласьці

У Харкаве і Харкаўскай вобласьці абстрэлы не спыняюцца

Улады Харкаўскай вобласьці паведамілі, што ўначы ў Харкаў прыляцелі дзьве расейскія ракеты, але яны трапілі між будынкамі, таму абышлося без ахвяр.

Не спыняюцца абстрэлы трох раёнаў вобласьці: Ізюмскага, Багадухаўскага і Харкаўскага.

Цягам апошніх сутак у вобласьці загінулі 7 грамадзян і 34 атрымалі раненьні.