Вывучае замежныя мовы, мае хлопца са Львова. Што вядома пра Дануту Перадню, якую прызналі «тэрарысткай» і зьняволілі на 6,5 года

Данута Перадня

20-гадовую Дануту Перадню беларускія ўлады прызналі «тэрарысткай» — за рэпост паведамленьня ў чаце. Суд пакараў яе зьняволеньнем на 6,5 гадоў. Для многіх такі прысуд стаў шокавым. Свабода сабрала зьвесткі пра дзяўчыну.

7 ліпеня блізкія ідуць на спатканьне да Дануты. На судзе ў дзяўчыны яны не былі.

«Такая была воля Дануты — каб бацькі і блізкія людзі не прыходзілі на суд. Бо ёй было б цяжка — сустрэцца з блізкімі вачамі, гэта боль і сьлёзы, гэта дабівае. Блізкія людзі былі толькі на прысудзе, і для ўсіх гэта быў шокавы прысуд. Маці проста ня можа прыйсьці ў сябе дагэтуль», — расказала Свабодзе крыніца, знаёмая з сытуацыяй.

«Данута — гэта добрая дзяўчынка з прыстойнай сям’і, так можна яе ахарактарызаваць. Яна прыстойны і шчыры чалавек», — кажа суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Студэнтцы з «тэрарыстычнага сьпісу» прысудзілі 6,5 года зьняволеньня за антываенны пост

Маці Дануты скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Аркадзя Куляшова, працуе ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Данута пайшла вучыцца ў гэты ж унівэрсытэт, на рамана-германскую філялёгію.

«Яна творчы чалавек, шмат чым захаплялася», — зазначыў суразмоўца.

Дзяўчыну затрымалі 28 лютага. Яна ехала з родных Качэрычаў (Кіраўск) у Магілёў. Праваабаронцам стала вядома, што 27 лютага, у дзень рэфэрэндуму, Данута зрабіла рэпост тэксту ў адным з чатаў. У тэксьце крытыкаваліся дзеяньні Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, скіраваныя на разьвязваньне вайны ва Ўкраіне.

«Наколькі я ведаю, у яе хлопец зь Львова, можа, таму яна і зрабіла рэпост у чаце, бо не падтрымлівала вайну», — дадала асоба, знаёмая з сытуацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Амапавец сказаў: «Я б гэтых бандэраўцаў усіх перадушыў, а ты поскудзь». Як беларусаў рэпрэсуюць за салідарнасьць з Украінай

На Дануту Перадню завялі крымінальную справу за «прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі» (артыкул 361 КК) і «абразу прэзыдэнта» (артыкул 368 КК).

10 чэрвеня КДБ унёс Дануту Перадню ў сьпіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Пасьля затрыманьня Дануту адлічылі з унівэрсытэту.