Што адбываецца ў Славянску на Данеччыне, куды перамяшчаецца фронт пасьля захопу Расеяй Луганшчыны. ФОТА

Наступствы расейскіх абстрэлаў Славянску, 5 ліпеня 2022

Мэра гораду Славянску Данецкай вобласьці Вадзім Лях заявіў аб напружанай сытуацыі ў горадзе і інтэнсіўных расейскіх абстрэлах пасьля адыходу ўкраінскай арміі зь Севераданецку Луганскай вобласьці.

«Крытычная інфраструктура працуе, але цэнтралізаваная падача вады ўжо больш як месяц не ажыцьцяўляецца. Падвозім ваду, працуюць сьвідравіны. З электрычнасьцю таксама праблемы. Пасьля абстрэлаў яе аднаўляем, а вораг зноў яе зьнішчае», — паведаміў Вадзім Лях на брыфінгу празь відэасувязь.

Мэр Славянску Данецкай вобласьці Вадзім Лях

Паводле яго, улады працягваюць эвакуаваць грамадзян, працуюць крамы і банкаматы. Ад пачатку баявых дзеяньняў загінулі 17 жыхароў Славянску і яшчэ 67 атрымалі раненьні.

«Павялічылася колькасьць тых, хто хоча выехаць, але, на жаль, штуршком да гэтага сталі больш інтэнсіўныя абстрэлы, калі гэта рабіць ужо ня так бясьпечна, як раней», — дадаў мэр Славянску.

Выбухі ў Славянску Данецкай вобласьці

Вадзім Лях дадаў, што Расея канцэнтруе свае войскі на адлегласьці 10–30 кілямэтраў ад Славянску.

«Але ня маюць посьпеху, напэўна, таму і больш частыя сталі прылёты, кампэнсуюць наступальныя дзеяньні абстрэламі мірнага насельніцтва. Я так разумею, што будзе як і ў Севераданецку ці Лімане — калі вораг пойдзе на штурмавыя дзеяньні, ён пачне са зьнішчэньня інфраструктуры гораду і самога гораду», — дадаў мэр Славянску.

У Славянску

Што кажуць замежныя выведкі

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі сьцьвярджае, што Расея працягвае кансалідаваць кантроль над Лісічанскам і агулам над Луганскай вобласьцю.

Згодна з справаздачай брытанскіх выведнікаў, расейскія вайсковыя сілы з Усходняй і Заходняй груповак цяпер, імаверна, знаходзяцца за 16 кілямэтраў на поўнач ад Славянску.

«Улічваючы, што горад таксама знаходзіцца пад пагрозай з боку Цэнтральнай і Паўднёвай груповак войскаў, існуе рэальная імавернасьць, што бітва за Славянск стане наступнай ключавой бітвай у барацьбе за Данбас», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гаспадараць, як ім хочацца». Украінскія ўлады расказалі, што адбываецца ў акупаваным расейцамі Севераданецку

Расейскія войскі цалкам захапілі Севераданецк у Луганскай вобласьці ў канцы чэрвеня. Украінскія войскі адышлі на падрыхтаваныя раней пазыцыі ў Лісічанску, а ў ліпені пакінулі горад. Цяпер уся Луганская вобласьць акупаваная Расеяй.

Севераданецк з 2014 году, пасьля акупацыі Луганску, выконваў функцыі адміністрацыйнага цэнтру Луганскай вобласьці.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.