Прэм'ер-міністар Аўстраліі падчас візыту ў Кіеў паабяцаў новую вайсковую дапамогу Ўкраіне

Прэмʼер-міністар Аўстраліі Энтані Альбанэзэ з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Кіеў, 3 ліпеня 2022

Прэмʼер-міністар Аўстраліі Энтані Альбанэзэ на сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны 3 ліпеня таксама згадаў магчымы візыт Уладзіміра Пуціна на саміт «Вялікай дваццаткі» ў Інданэзіі. Альбанэзэ папярэдзіў, калі прэзыдэнт РФ прыезьдзе на сустрэчу G20, ён атрымае прыём, «якога заслугоўвае».

Падчас свайго першага візыту ва Ўкраіну ў якасьці кіраўніка аўстралійскага ўраду Энтані Альбанэзэ заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, што Аўстралія акажа Ўкраіне «вайсковую дапамогу ў абʼёме 100 мільёнаў даляраў», не ўдакладніўшы, гаворка ідзе пра даляры ЗША ці Аўстраліі (100 мільёнаў даляраў ЗША эквівалентныя 68 мільёнам аўстралійскіх даляраў).

Прэмʼер-міністар адзначыў, што Аўстралія выдзеліць дадатковую вайсковую тэхніку, запрошаную Ўкраінай, уключаючы 14 бронетранспартэраў, 20 бронемашын Bushmaster і некалькі бесьпілотнікаў, піша Agence France-Presse.

Зяленскі заявіў, што Аўстралія аказвае Ўкраіне «важкую дапамогу, у тым ліку абаронную». Па словах украінскага лідэра, украінскія вайскоўцы «высока ацанілі» бронемашыны Bushmaster.

Альбанезе таксама наведаў Бучу і Ірпень, дзе расейскія войскі, як сьцьвярджаецца, учынілі ваенныя злачынствы, а таксама аэрапорт Гастомель.

«Для мяне вялікі гонар быць першым прэмʼер-міністрам Аўстраліі, які наведаў Украіну», — сказаў ён, адзначыўшы, што яго паездка «вельмі дакладна прадэманструе ўсім сьвеце салідарнасьць аўстралійскага народу з народам Украіны».

Аўстралійскі палітык таксама згадаў магчымы візыт Уладзіміра Пуціна на саміт «Вялікай дваццаткі» ў Інданэзіі. Альбанезэ папярэдзіў, калі прэзыдэнт РФ прыедзе на сустрэчу G20 (што дапусьціў Крэмль), ён атрымае прыём, «якога заслугоўвае».

«Калі спадар Пуцін прыедзе на гэтую сустрэчу, ён атрымае прыём, якога ён заслугоўвае, і гэта будзе не дружалюбны прыём, не прыём чалавека, які паважае міжнароднае вяршэнства закону», — заявіў аўстралійскі прэмʼер.

У той жа час ён заявіў, што ня можа ўявіць, каб Аўстралія байкатавала саміт, хаця «спадзяецца на ізаляцыю Расеі, наколькі гэта магчыма».

Альбанэзэ прыехаў ва Ўкраіну пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у Парыжы ў 1 ліпеня.

У чэрвені Ўкраіна паведаміла аб гібелі грамадзяніна Аўстраліі, які змагаўся ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны — афіцыйнага добраахвотніцкага фармаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ня толькі беларусы. Колькі іншаземцаў і зь якіх краін змагаюцца на баку Ўкраіны ў вайне з Расеяй

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.