Брытанская выведка: Расея выкарыстоўвае супрацькарабельныя ракеты празь недахоп больш дакладнай зброі

Наступствы расейскага авіяўдару па жылым будынку ў Адэскай вобласьці 1 ліпеня

Брытанская выведка паведамляе, што Расея працягвае выкарыстоўваць супрацькарабельныя ракеты паветранага базаваньня ў якасьці дапаможных пры наземных нападах.

Верагодна, гэта зьвязана са скарачэньнем запасаў больш дакладнай сучаснай зброі, гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны Вялікай Брытаніі за 2 ліпеня.

Аналіз запісаў з камэраў відэаназіраньня паказвае, што ракета, якая ўразіла Крамянчукскі гандлёвы цэнтар 27 чэрвеня, зь вялікай верагоднасьцю, была ракетай Х-32 [расейская крылатая ракета паветранага базаваньня]. Гэта мадэрнізаваная вэрсія савецкай Х-22.

«Хоць некалькі характарыстык Х-32 былі палепшаныя ў параўнаньні з Х-22, Х-32 па-ранейшаму не аптымізаваная для дакладнага паражэньня наземных мэтаў, асабліва ў гарадзкіх умовах. Гэта значна павялічвае верагоднасьць спадарожных стратаў, калі мэтай зьяўляюцца шчыльна забудаваныя раёны», — гаворыцца ў паведамленьні.

Далейшыя ўдары 30 чэрвеня ў Адэскай вобласьці, верагодна, былі нанесеныя ракетамі Х-22.

«Гэтая зброя яшчэ менш дакладная і непрыдатная для кропкавых удараў, і амаль напэўна неаднаразова прыводзіла да ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва ў апошнія тыдні», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Адэскай вобласьці ракета трапіла ў шматпавярховік, вядома пра 20 загінулых

У ноч на 1 ліпеня расейскія самалёты выпусьцілі тры ракеты па курортным пасёлку Сяргееўка Адэскай вобласьці. Адна з ракет часткова разбурыла жылы дзевяціпавярховы дом, дзьве іншыя патрапілі ў базы адпачынку. У выніку загінуў 21 чалавек, яшчэ 38 чалавек атрымалі раненьні. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў на гэта зноў заявіў, што расейскае войска «ня цэліцца па цывільных аб’ектах».

Таксама ў паведамленьні брытанскай выведкі гаворыцца, што расейскія вайскоўцы працягваюць дабівацца нязначных посьпехаў вакол Лісічанска, наносячы авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары. Украінскія войскі, верагодна, працягваюць блякаваць расейцаў на паўднёва-ўсходняй ускраіне Лісічанска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падаляк: У Расеі новая тактыка — біць па жылых кварталах, каб прымусіць Украіну сесьці за стол перамоваў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.