Шэйман ад імя Лукашэнкі езьдзіў на сустрэчу да прэзыдэнта самаабвешчанай Абхазіі

Віктар Шэйман на сустрэчы з кіраўніцтвам самаабвешчанай Абхазіі

Спэцыяльны прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман у пятніцу, 24 чэрвеня, пабываў у самаабвешчанай рэспубліцы Абхазіі і правёў афіцыйную сустрэчу зь яе кіраўніком Асланам Бжанія ў прысутнасьці кіраўніка МЗС краіны Інала Ардзінбы.

Пра гэта паведаміла прэс-служба лідэра самаабвешчанай Абхазіі.

«Бакі абмеркавалі пытаньні, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць, актуальныя аспэкты эўразійскай інтэграцыі, пэрспэктывы інвэстыцыйна-эканамічнага супрацоўніцтва. У сустрэчы прыняў удзел міністар замежных спраў Рэспублікі Абхазія Інал Ардзінба», – гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецеся таксама, што Віктар Шэйман перадаў Бжанію «памятны падарунак» ад Лукашэнкі і прыняў падарунак у адказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Абхазіі прызначыў часовага прэзыдэнта пасьля адстаўкі старога

Раней аб афіцыйных візытах прадстаўнікоў беларускага ўрада ў Абхазію не паведамлялася. У жніўні 2008 года, пасьля вайны паміж Расеяй і Грузіяй і зьяўленьні дзьвюх самаабвешчаных рэспублік (Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі), Аляксандар Лукашэнка сустракаўся зь іх кіраўнікамі ў Сочы.

Аднак Беларусь афіцыйна, у адрозьненьне ад Расеі, Нікарагуа, Вэнэсуэлы, Науру і Сырыі, так і не прызнала незалежнасьць самаабвешчанай Абхазіі.

У дакумэнтах ААН Абхазія разглядаецца як тэрыторыя Грузіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці рыхтуе Крэмль для Беларусі «вяртаньне ў родную гавань»? Меркаваньне расейскага экспэрта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адрозьніваюцца і чым падобныя Рэспубліка Беларусь і «ДНР-ЛНР»