Украінскі Генэральны штаб: Зь Беларусі ў Расею адправілі 20 вагонаў боепрыпасаў
Снарады, якія не разарваліся, у сяле Яхіднае недалёка ад Чарнігава, Украіна, 6 красавіка 2022 года. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія ўлады далей аказваюць вайсковую падтрымку Расеі — у прыватнасьці, у Белгарадзкую вобласьць РФ адправілі чарговую партыю боепрыпасаў аб’ёмам да 20 вагонаў, паведаміў раніцай 27 чэрвеня Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны.
Пры гэтым у Генэральным штабе ўдакладнілі, што на Валынскім і Палескім кірунках «прыкмет фармаваньня наступальных груповак праціўніка ня выяўлена».
Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуўся да беларусаў, заявіўшы, што іх «уцягваюць у вайну».
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны 26 чэрвеня заявіла, што Расея плянуе нарошчваць колькасьць апэратыўна-тактычнай авіяцыі на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасьці заплянавала пералёт 10 самалётаў на аэрадром Баранавічы.
Раней Галоўнае ўпраўленьне выведкі заяўляла, што начныя ракетныя ўдары па Ўкраіне 25 чэрвеня з тэрыторыі Беларусі былі «маштабнай правакацыяй» з боку Расеі з мэтай уцягненьня Менску як непасрэднага ўдзельніка вайны супраць Украіны.
Пасьля абстрэлу прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што Расея дасьць свайму хаўрусьніку Беларусі ракетныя комплексы «Іскандэр-М» — мабільны кіраваны ракетны комплекс з абсягам дзеяньня да 500 кілямэтраў.
Беларусь ня ёсьць непасрэднай удзельніцай поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, але ажыцьцяўляе матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага, калі частка расейскіх войскаў увайшла ва Ўкраіну празь беларускую мяжу.