У Расеі з пачатку вайны толькі 5 дзён прайшлі без затрыманьняў за антываенныя пратэсты

У Расеі за чатыры месяцы вайны з Украінай было ўсяго пяць дзён без затрыманьняў, зьвязаных з антываеннымі пратэстамі. Пра гэта паведамляе расейскі праваабарончы праект «ОВД-Инфо».

Па дадзеных праваабаронцаў, усяго за антываенную пазыцыю былі затрыманыя больш за 16,3 тысячы чалавек.

Акрамя затрыманьняў на акцыях пратэсту ці за пасты ў сацыяльных сетках, улады таксама практыкуюць «прэвэнтыўныя» затрыманьні актывістаў з дапамогай сыстэмы распазнаньня асобаў. «ОВД-Инфо» паведамляе пра як мінімум 75 такіх затрыманьняў у траўні — чэрвені.

Найбольш масавыя пратэсты супраць вайны праходзілі ў канцы лютага і пачатку сакавіка. Цяпер вулічныя акцыі пратэсту праходзяць фактычна толькі ў выглядзе адзіночных пікетаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці распадзецца Расея? Дыскусія расейскіх экспэртаў

З пачатку сакавіка ў Расеі было заведзена 60 крымінальных спраў па абвінавачаньні ў фэйках пра расейскае войска, яшчэ 6 крымінальных спраў за так званую паўторную дыскрэдытацыю арміі. Яшчэ 107 чалавек перасьледуюць за антываенныя акцыі па іншых крымінальных артыкулах, напрыклад, аб хуліганстве, прымяненьні сілы да паліцыянтаў або ўцягваньні ў масавыя беспарадкі.

Па адміністрацыйным артыкуле аб дыскрэдытацыі войска з пачатку сакавіка было заведзена 2457 спраў, на некаторых — па некалькі разоў.

За паўгода ў рэестры «іншаземных агентаў» былі ўключаны 69 юрыдычных і фізычных асобаў, сайты ня менш за 253 СМІ былі заблякаваныя (усяго заблякавана некалькі тысяч сайтаў), 26 спынілі працу, яшчэ 12 адмовіліся асьвятляць вайну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Расейцы і беларусы — закладнікі». Шэндэровіч пра вайну Пуціна, лёс Лукашэнкі і скасаваньне расейскай культуры