Перамовы лідэраў ЭЗ наконт ​​статусу кандыдата для Ўкраіны ідуць больш складана, чым чакалася

Лідэры краін ЭЗ і Заходніх Балкан на саміце ў Брусэлі, 23 чэрвеня 2022 году

Перамовы лідэраў ЭЗ на саміце ў Брусэлі аб статусе кандыдата для Ўкраіны крыху ўскладняюцца жаданьнем некаторых краін надаць яго таксама і Босьніі і Герцагавіне.

Аб гэтым напісаў у Twitter карэспандэнт «Радыё Свабода» Рыкард Юзьвяк.

«Перамовы аб наданьні статусу кандыдата Ўкраіне і Малдове ў Эўрапейскай радзе аказваюцца крыху больш складанымі, чым меркавалася першапачаткова, паколькі некаторыя краіны хочуць атрымаць статус кандыдата і для Босьніі», — напісаў ён.

Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр перад самітам заявіў, што Босьнія павінна атрымаць такі ж рэжым, як Украіна і Малдова, для атрыманьня статусу кандыдата ў члены ЭЗ да таго, як будуць выкананы папярэднія ўмовы.

Выданьне Politico таксама паведамляе, што пытаньне Босьніі актыўна абмяркоўваецца на саміце. Больш за тое, чыноўнікі працуюць над перапрацоўкай высноваў па краіне.

Згодна з новым праектам, лідэры разглядаюць магчымасьць заявіць, што «Эўрапейская Рада гатовая надаць Босьніі і Герцагавіне статус краіны-кандыдата пасьля таго, як будзе праведзеная пэўная колькасьць рэформаў». А потым Эўрапейская рада плянуе вярнуцца да гэтага пытаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўраінтэграцыя падчас вайны. Што можа атрымаць Украіна ў якасьці кандыдаткі на сяброўства ў Эўразьвязе
  • 17 чэрвеня Эўрапейская камісія апублікавала сваё заключэньне, у якім рэкамэндавала прызнаць эўрапейскую пэрспэктыву Ўкраіны і надаць дзяржаве статус кандыдата на ўступленьне ў супольнасьць.
  • У ЭЗ зазначаюць, што афіцыйныя перамовы з кандыдатамі пачнуцца пасьля выкананьня імі ўмоваў, указаных у высновах Эўракамісіі наконт заявак на членства.
  • Лідэры шасьці балканскіх краін, якія імкнуцца ўступіць у ЭЗ — Босьніі, Косава, Чарнагорыі, Паўночнай Македоніі і Сэрбіі — сустракаліся зь лідэрамі ЭЗ на працягу чатырох гадзін 23 чэрвеня перад чаканай аб’явай аб наданьні статусу кандыдата Ўкраіне і Малдове. Балканскія краіны раней скардзіліся на тупік, зь якім сутыкнулася іхнае жаданьне далучыцца да ЭЗ.
  • Сярод прычын спыненьня працэсу пашырэньня ЭЗ называюць апасеньні паўтору пасьпешнага далучэньня Румыніі і Баўгарыі ў 2007 годзе і дрэнна кіраваную міграцыю ўсходнеэўрапейскіх працаўнікоў у Вялікабрытанію, якая настроіла многіх брытанцаў супраць ЭЗ, што прывяло да Brexit.
  • Але чыноўнікі ў Брусэлі таксама выказваюць заклапочанасьць тым, што адсутнасьць прагрэсу на Балканах можа наблізіць рэгіён да Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт заклікаў лідэраў ЭЗ надаць Украіне, Малдове і Грузіі статус кандыдатаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Басьнійскія сэрбы зрабілі першы крок да расколу Босьніі і Герцагавіны