Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Басьнійскія сэрбы зрабілі першы крок да расколу Босьніі і Герцагавіны


Міларад Додзік і Ўладзімір Пуцін
Міларад Додзік і Ўладзімір Пуцін

Дэпутаты Народнай скупшчыны (парлямэнта) Рэспублікі Сэрбскай у складзе Босьніі і Герцагавіны прагаласавалі за выхад са складу басьнійскіх узброеных сіл, судовай і падатковай сыстэмы.

«Гэта момант заваяваньня свабоды для Рэспублікі Сэрбскай», — заявіў лідэр кіроўнай кааліцыі басьнійскіх сэрбаў Міларад Додзік, якога ў суботу, 11 сьнежня, цытуе агенцтва Reuters.

Вынікам галасаваньня стала заключэньне, якое ні да чаго не абавязвае, і не ўтрымлівае канчатковага рашэньня пакінуць басьнійскія дзяржаўныя інстытуты, бо падобны крок павінен быць ухвалены верхняй палатай парлямэнта Рэспублікі Сэрбскай (Палатай народаў). Дэпутаты ўпаўнаважылі рэгіянальны ўрад у бліжэйшыя шэсьць месяцаў распрацаваць новыя законы для войска, падатковай і судовай сыстэмы замест існуючых актаў Босьніі і Герцагавіны.

62-гадовы Додзік, які займае нацыяналістычныя пазыцыі, калісьці быў стаўленікам заходніх краін, піша агенцтва AFP. У сваіх плянах ён карыстаецца падтрымкай Расеі, з прэзыдэнтам якой сустракаўся 2 сьнежня ў Крамлі. Лідэр басьнійскіх сэрбаў абвінавачвае заходнія дзяржавы ў тым, што яны пераўтварылі Босьнію за кошт сэрбаў і на карысьць басьнійскіх мусульман.

У выніку Дэйтанскага пагадненьня, якое паклала канец грамадзянскай вайне 1992-1995 гадоў, былая югаслаўская рэспубліка Босьнія і Герцагавіна захавала тэрытарыяльную цэласнасьць, але была падзелена на два аўтаномныя рэгіёны — Рэспубліку Сэрбскую і Фэдэрацыю Босьніі і Герцагавіны, у якой яна дамінуе. Додзік, які зьяўляецца цяпер сэрбскім чальцом трохбаковага міжэтнічнага прэзыдыюма Босьніі і Герцагавіны, хоча адмяніць усе пасьляваенныя рэформы і вярнуцца да канстытуцыі 1995 года, у якой дзяржава была прадстаўлена толькі асноўнымі інстытутамі, а ўсе паўнамоцтвы належалі рэгіёнам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG