Паэтка і перакладчыца Сабіна Брыло: «Біць альбо ня біць? — маральная дылема рыцара»

Сабіна Брыло. Фота: Тацяна Архіпцова

25–26 чэрвеня ў Вільні адбудуцца заключныя імпрэзы літаратурнага фэсту «Прадмова». Увечары ў суботу ў яго праграме пройдзе «Сэанс нявыдадзенай кнігі. «Біць альбо ня біць? — маральная дылема рыцара».

Гэта прэзэнтацыя выкананага Сабінай Брыло аўтарскага перакладу аповесьці літоўскага літаратара Гінтараса Граяўскаса «Гісторыі пра бравага рыцара Тэнксалота і дракона містэра Кайндлі».

Сабіна Брыло — расейскамоўная паэтка зь Беларусі, якая з прычыны палітычнага перасьледу ўжо год жыве ў Вільні. Вывучыла літоўскую мову, актыўна перакладае зь яе, а ва ўласнай творчасьці заўважна часьцей стала пісаць па-беларуску. Сёньня Сабіна — госьця Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка Сабіна Брыло: «Лёс расставіць знакі прыпынку паміж словамі „застацца немагчыма зьехаць“»

— Спадарыня Сабіна, думаем, што ня ўсе беларускія аматары сучаснае літаратуры абазнаныя ў творчасьці літоўскага пісьменьніка Гінтараса Граяўскаса. Раскажыце, калі ласка, крыху вашых асабістых уражаньняў пра гэтага творцу.

— Гінтарас Граяўскас — адзін зь вядомых у Літве і сьвеце сучасных аўтараў сярэдняга пакаленьня. На роднай мове і ў перакладах выдадзена шмат ягоных кніжак вершаў, эсэ і іншай прозы, нядаўна выйшаў зборнік драматургіі. Ён яшчэ і музыка (нават па адукацыі, бо скончыў кансэрваторыю, катэдру джазу), граў і сьпяваў у двух гуртах — «Кантрабанда» і «Ракфэлеры»; запісаў шэсьць музычных альбомаў… Цяпер Гінтарас працуе мастацкім кіраўніком Клайпедзкага драматычнага тэатру і большасьць свайго часу, я думаю, прысьвячае менавіта тэатру.

Некалькі гадоў таму я была сьведкай, як ён пачынаў ладзіць міжнародны фэстываль «TheATRIUM» у Клайпедзе; цяпер гэта вельмі буйная штогадовая тэатральная падзея. Мы па-сяброўску перапісваліся, і я бачыла, наколькі чалавек быў цалкам паглынуты справай — з усім сэрцам і рукамі — і гэта адна з унікальных і вельмі прыцягальных (для мяне) рысаў Гінтараса як асобы і творцы. Яшчэ адна ягоная рыса (вельмі рэдкая цяпер, у час вялікай асабістай канкурэнцыі) — цікаўнасьць да чалавека, проста такое прыроднае жаданьне пазнаць іншага, зразумець, «адкрыць для сябе». Ён нават вачыма ўмее глядзець проста ў душу. І працаздольнасьць, і здольнасьць даводзіць тое, што робіш, да максымальнага ўзроўню якасьці. У яго вельмі высокі крытэр, скажам так, сапраўднасьці, ісьціннасьці таго, што робіш. Я думаю, што Гінтарас і халтура — рэчы папросту несумяшчальныя.

Сабіна Брыло ў Клайпэдзе, з Гінтарасам Граяўскасам і яго сям’ёй, ліпень 2021

— А чым прывабіла вас канкрэтна яго аповесьць «Гісторыі пра бравага рыцара Тэнксалота і дракона містэра Кайндлі»?

— Ужо даўнавата Гінтарас падарыў мне гэтую сваю кніжку; яна вельмі добра аформлена — цікавая вёрстка, малюнкі… Але мне цяжка было чытаць, перакладаючы ледзь ня кожнае слова са слоўнікам, і я, прачытаўшы першы разьдзел, паглядзела карцінкі і кінула. Хоць Гінтарас казаў: прачытаеш яе — і ўсё, ты будзеш ведаць літоўскую.

Некалькі гадоў аповесьць ляжала недачытаная, а мая літоўская не паляпшалася. Можа ўжо пачыналася пандэмія, калі я папрасіла Гінтараса даслаць мне аповесьць у электронным варыянце. З аўтаперакладчыкам я праглынула яе адразу і захапілася. Філязофія, гісторыя, фэнтэзі — і непаўторны Гінтарасаў гумар. Тут жа захацелася падзяліцца гэтым задавальненьнем зь іншымі — і я, дзякуючы Гуглу, вялікаму папяроваму слоўніку і свайму больш-менш веданьню структуры літоўскай мовы, за некалькі тыдняў пераклала колькі першых разьдзелаў, па чарзе разьмяшчаючы іх у Фэйсбуку. Знайшліся чытачы, якія радаваліся разам са мной — і я вырашыла, што перакладу кніжку цалкам. Але ў траўні 2020-га пачалася наша жудасна вядомая выбарчая кампанія — і ў мяне ня стала часу працаваць над перакладам. У перапынках паміж падзеямі лета 2020-га і далейшымі я сумавала па ім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратары на карантыне: Сабіна Брыло і «нязьдзейсьненыя яйцаклеткі»

— У праграме фэсту «Прадмова» прэзэнтацыя вашага перакладу заяўлена як «Сэанс нявыдадзенай кнігі. „Біць альбо ня біць? — маральная дылема рыцара“. Раскрыйце крыху схаваных сэнсаў гэтай падвойнай назвы імпрэзы.

— Усё проста. Пераклад існуе пакуль толькі ў выглядзе набору файлаў, кніга нават ня мае яшчэ прафэсійнай рэдактуры. І хоць мая пісьмовая беларуская мова досыць добрая, і я патраціла шмат часу на аўтарэдактуру — але нам з кнігай яшчэ патрэбныя і прафэсійны беларускамоўны рэдактар, і выдавец. Таму — „сэанс нявыдадзенай кнігі“.

«„Біць альбо ня біць?“ — маральная дылема рыцара» — гэтак я заявіла тэму свайго выступу на «Прадмове», бо арганізатары папрасілі яе сфармуляваць. У гэтым, вядома, ёсьць адсылка да вялікага шэксьпіраўскага пытаньня, чым я хачу даць намёк на філязофскі, экзыстэнцыйны сэнс аповесьці Гінтараса. Бо асноўная сюжэтная лінія там драматычная — герой адпраўляецца на пошукі дракона, каб яго забіць, бо гэтага забойства патрабуе, так бы мовіць, сама структура яго архетыпу. Тваё атачэньне патрабуе ад цябе канвэнцыйнага дзеяньня — забойства, гэта экзамэн, які ты здаеш, каб цябе прызналі за таго, кім ты заяўлены — у дадзеным выпадку за рыцара. Але «штосьці пайшло ня так». Біць альбо ня біць? — у гэтым завязка, і кніга ўсім сваім захапляльным зьместам дае адказ на гэтае пытаньне.

Кніжны кірмаш Svět knihy 2021, Прага, 25 верасень 2021. Максім Жбанкоў, Сабіна Брыло, Дзьмітры Строцаў

— Разьдзел з аповесьці «Гісторыі пра бравага рыцара Тэнксалота і дракона містэра Кайндлі» вы прачыталі два гады таму ў праграме нашага радыё «Літаратары на карантыне». Тады гэты тэкст прагучаў па-расейску. Цяпер ваш пераклад стаў беларускім. Можаце патлумачыць прычыны і наступствы лінгвістычных пераўвасабленьняў?

— Калі я апынулася ў Літве, я ня ведала, як мне жыць і што рабіць. Я пачала шукаць працу няні альбо кухаркі, і нават знайшла, але тут Саюз пісьменьнікаў Літвы прапанаваў мне месяц аплачанай літаратурнай рэзыдэнцыі ў Вільні. Я зь вялікай удзячнасьцю ўхапілася за гэтую саломінку і заявіла, што скарыстаюся магчымасьцю, каб скончыць пераклад кнігі Гінтараса на расейскую — заставалася сем разьдзелаў.

Адначасова я вырашыла перакласьці яшчэ і на беларускую, проста ўзяла на сябе большы аб’ём працы за прапанаваную тысячу эўра. То бок магла абмежавацца расейскай і зьберагчы сілы, але мне важна было перакласьці таксама на беларускую для тых людзей, хто зараз чытае прынцыпова па-беларуску, хто вучыць мову праз чытаньне кніг — я ведаю, што такіх людзей робіцца ўсё больш.

Я вельмі ўдзячная літоўцам за тую падтрымку: і грашовую, і маральную, і ўвогуле падтрымку працай. Мне далі памяшканьне, час. Я занурылася ў пераклад і крыху адпачыла ад свайго ўнутранага і нашага зьнешняга пекла.

«Гісторыі рыцара Тэнксалота і дракона містэра Кайндлі» — аповесьць гаючая. Упэўнена, што на якой бы мове яе ні чыталі, гэтая кніга будзе ўплываць і на дзіця, і на падлетка, і на дарослага. Яна вельмі добры інструмэнт, каб нешта не балюча паправіць у чалавечай душы, калі ў той душы, вядома, ня ўсё канчаткова запушчана. І хоць яна пісалася ў часы міру — яна і пра вайну. Вайну чалавека з чалавекам, чалавека з драконам, чалавека з самім сабой, вайну сьвятла і цемры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Другі раўнд» Сабіны Брыло, або Як вершы пераходзяць з «Фэйсбуку» на паперу

— Падаецца, што на вашай старонцы ў Фэйсбуку ўсё часьцей сталі зьяўляцца беларускамоўныя допісы і вершы. Ці падштурхоўвае да гэтага моўнага выбару змушанае жыцьцё па-за межамі радзімы? Ці тут нешта іншае, неадназначнае і больш складанае?

— Ня думаю, што яны сталі зьяўляцца часьцей. Хоць у побыце я больш карыстаюся расейскай (побыт такі няпросты, што часам думаеш, ці ня варта ўвогуле анямець), але я дзьвюхмоўная. Мой сын вучыўся ў Менску ў беларускамоўнай школе (не ў прэстыжнай, а ў простай, «на раёне»), мой муж карыстаецца пераважна беларускай. У мяне ня так шмат вершаў па-беларуску, некалькі дзясяткаў. На жаль, на адным з канфіскаваных кампутараў, мусіць, засталася недапісаная па-беларуску п’еса пра каханьне «Рушнікі», якую я пачала недзе на пераломе нулявых і дзясятых. Тады мы рабілі прававую праграму для «Белсату», і я была вельмі моцна пагружаная ў беларускую мову. У Фэйсбуку я цяпер пераважна карыстаюся расейскай — гэта мой знак, што я супраць хэйту па прыкмеце мовы, нацыі альбо грамадзянства. Ня проста супраць — я такое не прымаю, і гэта мая цьвёрдая этычная пазыцыя. Але калі я думаю па-беларуску, альбо зьвяртаюся адмыслова да суайчыньнікаў, я пішу па-беларуску. У Фэйсбуку я так рабіла заўжды, ад пачатку.

Канфэрэнцыя «Мэдыя Беларусі: выклікі і шанцы», 2017. Сьвятлана Калінкіна, Сабіна Брыло

— Магчыма, у хуткім часе мы прачытаем цэлую кнігу вашых беларускіх твораў. А пакуль тое, парадуйце, калі ласка, нашых чытачоў вашымі новымі беларускімі вершамі.

— За апошнія гады ў мяне зьявілася нямала новых паэтычных тэкстаў, і сярод іх ёсьць сапраўдныя «камяні». І па-расейску, і па-беларуску. Але я ня ведаю, ці да іх будзе каму выдавецкая справа, ці на выданьне кніг будуць цяпер у выдавецтваў мажлівасьці. Я друкую вершы ў адкрытым доступе ў Фэйсбуку, і ўдзячная, што магу падзяліцца імі з тым нешматлікім асяродзьдзем, якое ўмее чытаць паэтычнае выказваньне, якое атрымлівае ад добрага верша падтрымку і радасьць, нават калі тэкст «пра боль».

Сацыяльныя сеткі — гэта сапраўдная магчымасьць вольнага выказваньня, як бы яно там ні было. Можа, адзіная пакуль для нас магчымасьць. Ад нас патрабуецца толькі напружаньне, каб знайсьці для свайго выказваньня — калі ёсьць што сказаць — добрую форму.

А што да вершаў, то давайце я спачатку падзялюся сваім перакладам на беларускую мову верша Гінтараса Граяўскаса. Гэта тая самая тэма — рыцар і дракон, а пераклад я зрабіла акурат вось цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытачка Брыло: Дзякуй Богу, што Фройд ня толькі шмат працаваў, але і шмат напісаў!

Гінтарас Граяўскас, пераклад Сабіны Брыло

Баляда

гарум гарум прамовіў дракон абудзіўшыся
і вострыя вершаліны гор насьцярожыліся
гарум гарум прамовілі ўсе дзевяць галоў
і месяц прасунуў рожкі праз край аблокаў
гарум гарум трэці раз прамовіў дракон
і завярцеўшы тлустым хвастом пачаў таньчыць

пальцамі перапончатымі таптаў горныя сосны
у зямной глыбіні трашчалі карэньні
дзевяць шыяў хісталіся ў такт

тым часам з горнай цясьніны выехаў рыцар
везучы зіхаткую прыладу можа быць дзіду
конь яго быў накрыты клятчастай коўдрай
але дрыжэў назіраючы страшны танец дракона

гарум гарум прамовіў бясстрашны рыцар
і месяц схаваў свой твар у рукаво
гарум гарум грукаючы ў шчыт
усклікнуў бясстрашны рыцар
гарум гарум трэці раз прамовіў дракон

і рыцар, конь, дракон, горы і месяц
выгукнулі — гарум гарум
і пачалі таньчыць

Ну і вось мой, напрыклад, такі:

ххх

ніхто нікога не разумее
кожны кажа нешта сваё
словы нібыта знаёмыя
а чорт яго ведае, пра што

чужое слова чужое, як боль чужы
ніякай «роднай мовы» не існуе
ніякай «агульнай мовы»

а, — ну калі толькі плач
калі толькі сьмех
крык
лакі страйк
найк
кока-кола

(верасень, 21)

А вось гэты існуе на дзьвюх мовах, даю беларускі варыянт:

Некалі ў чужой зямлі
я сустрэну Ісуса Хрыста.
Немалады ўжо чалавек,
Ён будзе жыць, ня ведаючы, што ён — гэта Ён.

І роля мая палягае якраз у тым,
што трэба спачатку Яго пазнаць,
а потым Яму адкрыць Яго таямніцу
патрэбнымі словамі.

Ледзь толькі мы пазнаёмімся,
і я ўсё зразумею,
я запытаюся: ты адкуль родам?

Ён скажа: гэта дзіўнае месца,
ня ведаю, ці ты чула…
Такая зямля ў Эўропе,
называецца Беларусь.

Што можа быць добрага зь Беларусі? —
пажартую я
і перайду да справы.

(сьнежань, 21)