У Растоўскай вобласьці гарыць Навашахцінскі нафтаперапрацоўчы завод, уласьнікам якога празь некалькі афшорных кампаніяй была Аксана Марчанка, жонка арыштаванага ва Ўкраіне прарасейскага палітыка Віктара Медзьведчука.
Расейскія СМІ паведамляюць, што расейскія ратавальнікі атрымалі інфармацыю аб пажары раніцай 22 чэрвеня. Плошча пажару складае 50 квадратных мэтраў.
У тушэньні пажару задзейнічалі 30 пажарных і 14 спэцыяльных машын. Прычыну пажару расейскія СМІ не называюць.
На Навашахцінскім нафтаперапрацоўчым заводзе заявілі, што прадпрыемства пацярпела ў выніку атакі двух бесьпілётнікаў. На заводзе гэта называлі «тэрарыстычнымі дзеяньнямі з боку заходняй мяжы Растоўскай вобласьці».
Паводле афіцыйнага прэс-рэлізу, у выніку двух удараў (першага ў 8:40 і другога ў 9:23) адбыўся выбух з наступным загараньнем. Пашкоджана тэхналягічнае абсталяваньне для перапрацоўкі нафты і рэзэрвуары. Пэрсанал эвакуавалі, пацярпелых няма, удакладнілі на заводзе.
Ва Ўкраіне лідэры грамадзкай думкі распаўсюджваюць інфармацыю, што пажар пачаўся ў выніку атакі прадпрыемства ўкраінскім бесьпілётнікам.
Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка, камэнтуючы пажар на расейскім НПЗ, напісаў у сваім тэлеграм-канале: «Мазыр, сьпіш? Гарыць галоўны нафтаперапрацоўчы завод АРДЛА (асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей, акупаваныя ў 2014 годзе. — РС), які належыць Медзьведчуку».
Паводле інфармацыі Аляксея Ганчарэнкі, Навашахцінскі НПЗ пасьля ўвядзеньня санкцый супраць Віктара Медзьведчука «перапісалі на падрадчыка „Газпрому“».
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.