Узброеныя сілы Ўкраіны паведамілі аб пасьпяховым абстрэле расейскай тэхнікі на захопленым востраве Зьмяіны
Востраў Зьмяіны на спадарожнікавым здымку
Узброеныя сілы Ўкраіны пры абстрэле захопленага расейцамі вострава Зьмяіны ў Чорным моры зьнішчылі зэнітна-ракетны комплекс «Панцыр С1», радыёлякацыйную станцыю і аўтамабільную тэхніку расейскай арміі.
Як паведамляюць гарадзкія ўлады Адэсы са спасылкай на апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень», выведка высьвятляе, якія яшчэ мішэні былі зьнішчаны.
Паводле адэскіх уладаў, у Чорным моры цяпер знаходзяцца 5 ракетных расейскіх караблёў і адна падлодка, якія маюць на ўзбраеньні 44 крылатыя ракеты.
Пазьней на брыфінгу кіраўніца прэсавага цэнтру апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Натальля Гумянюк удакладніла, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны праводзяць вайсковую апэрацыю на востраве Зьмяіны.
«Расейцы там пэўны час абсталёўвалі сабе так званы гарнізон, спрабавалі разгарнуць супрацьпаветраную абарону і разьмясьціць рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, каб праводзіць далей усе свае дзеяньні. За пэўны час гэта прааналізавалі і нанесьлі ўдар», – паведаміла Натальля Гумянюк.
Паводле яе, у выніку ўдару пацярпела і жывая сіла праціўніка.
Натальля Гумянюк таксама паведаміла, што ў выніку контрнаступальных дзеяньняў украінская армія вызваліла некалькі населеных пунктаў у Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях. Аднак яна не ўдакладніла колькасьць і назвы вызваленых ад акупацыі паселішчаў.
Востраў Зьмяіны быў захоплены расейцамі на самым пачатку поўнамаштабнай вайны, яшчэ ў лютым. З таго часу ён знаходзіцца пад іх кантролем.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.