Сярод іншага ён адказаў на пытаньні пра гвалт супраць цывільных грамадзян Украіны і пра палонных брытанцаў, асуджаных на сьмерць у самаабвешчанай «ДНР».
«Мы не ўрываліся ва Ўкраіну»
«Вы ведаеце, мы не ўрываліся ва Ўкраіну. Мы абвясьцілі спэцыяльную ваенную апэрацыю, калі ў нас ужо не засталося ніякага спосабу растлумачыць Захаду, што ён займаецца злачыннай дзейнасьцю, уцягваючы Ўкраіну ў NATO», — заявіў Лаўроў.
Вайна Расеі супраць Украіны ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 7 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры і жылыя будынкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Удар па Мікалаеве; украінскія войскі заяўляюць, што падбілі расейскі буксір «Василий Бех». 114-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны«Мы не саромеемся паказваць сябе такімі, якія мы ёсьць»
Карэспандэнт ВВС працытаваў словы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет, пра тое, што ў вёсцы Ягаднае ў Чарнігаўскай вобласьці расейскія вайскоўцы 28 дзён утрымлівалі 360 чалавек, у тым ліку 74 дзіцяці і пяць чалавек з інваліднасьцю, у падвале школы без прыбіральні і амаль без вады (10 пажылых людзей памерлі).
«Гэта барацьба з нацызмам?» — спытаў карэспандэнт ВВС.
«Вы ведаеце, на жаль, міжнародныя чыноўнікі, уключаючы Вярхоўнага камісара ў правах чалавека, у тым ліку — на вялікі мой жаль — генэральнага сакратара ААН і многіх іншых прадстаўнікоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, схільныя да ціску Захаду. І вельмі часта выступаюць рупарам тых фэйкавых навін, якія распаўсюджвае Захад», — адказаў Лаўроў.
«Гэта значыць, атрымліваецца Расея зноў белая і пухнатая?» — спытаў журналіст.
«Не, Расея ня белая і не пухнатая. Расея такая, якая яна ёсьць. І мы не саромеемся паказваць сябе такімі, якія мы ёсьць», — адказаў міністар.
Ягаднае знаходзіцца за 140 км на поўнач ад Кіева пад Чарнігавам і недалёка ад мяжы зь Беларусьсю. Вёска знаходзілася пад кантролем расейскага войска амаль месяц. Калі вайскоўцы ўвайшлі ў сяло, яны забралі мужчын, жанчын і дзяцей з дамоў, пагражаючы ім зброяй, і завялі ў падвал мясцовай школы, дзе пратрымалі чатыры тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як сёньня выглядае Буча, дзе ў масавым пахаваньні знайшлі 117 цел расстраляных расейцамі ўкраінцаў. ФОТА«А вы лічыце, у вас незалежны суд?»
9 чэрвеня суд у самаабвешчанай «ДНР» прысудзіў сьмяротнае пакараньне брытанцам Шону Пінэру і Эйдэну Асьліну, а таксама грамадзяніну Марока Саадуну Брагіму, прызнаўшы іх вінаватымі ў наёмніцтве, спробе гвалтоўнага захопу ўлады. Усе трое — вайскоўцы ўзброеных сіл Украіны, якія падпісалі кантракты яшчэ да пачатку расейскага ўварваньня.
«У вачах Захаду Расея нясе адказнасьць за лёс гэтых людзей. Вы ня лічыце, што...» — пачаў задаваць пытаньне журналіст ВВС.
«Не, — не чакаючы канца пытаньня, адказаў міністар замежных спраў Расеі. — Слухайце, мяне вочы Захаду не цікавяць наогул. Мяне цікавіць толькі міжнароднае права. Па міжнародным праве найміты не зьяўляюцца камбатантамі. Таму, што ў вас у вачах, шчыра кажучы, ня мае значэньня».
«Яны ня найміты. Яны служылі ва Ўкраінскіх узброеных сілах», — парыраваў журналіст.
«Гэта павінен вызначыць суд», — сказаў Лаўроў.
На пытаньне, ці лічыць ён суд у «ДНР» незалежным, ён адказаў:
«Я перакананы, што там незалежны суд. А вы лічыце, у вас [у Вялікай Брытаніі] незалежны суд?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Фіктыўны прысуд», — у Вялікай Брытаніі і ЗША пракамэнтавалі сьмяротны вырак у самаабвешчанай «ДНР» брытанскім добраахвотнікамВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.