Швэдзкая кампанія IKEA закрыла офісы закупак і лягістыкі ў Маскве і Менску

Крама IKEA

Рашэньне зьвязана з ваеннымі дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне і дапамогай у гэтым уладаў Беларусі.

Мэблевы гігант IKEA вызначыўся зЬ лёсам свайго бізнэсу ў Беларусі і Расеі. Адразу пасьля нападу Расеі на Ўкраіну кампанія абвясьціла аб прыпыненьні апэрацый у дзьвюх краінах. Цяпер жа яна выступіла з новай заявай.

«На жаль, абставіны не палепшыліся і разбуральная вайна працягваецца. Прадпрыемствы і ланцужкі паставак па ўсім сьвеце моцна пацярпелі, і мы ня бачым магчымасьці аднавіць працу ў найбліжэйшы час», – гаворыцца ў новай заяве кампаніі.

На гэты момант раздробны бізнэс IKEA ў Расеі застанецца прыпыненым, кампанія будзе скарачаць працоўную сілу. Каб забяспечыць выплаты, адбудзецца распродаж тавараў са складоў у Расеі. Таксама Inter IKEA прадасьць чатыры свае заводы ў Расеі. Пастаўкі тавараў IKEA ў Расею і Беларусь, а таксама закупкі ў гэтых краінах застаюцца пад забаронай.

«Два офісы Inter (закупак і лягістыкі) ў Маскве і Менску будуць закрытыя назаўжды», – паведамілі ў кампаніі.

У Беларусі крамаў швэдзкай кампаніі няма, але ёсьць некалькі вытворчасьцяў прадукцыі пад гандлёвай маркай IKEA. Усе гэтыя кампаніі не адносяцца да IKEA Group непасрэдна і выступаюць выключна ў ролі выканаўцаў, якім IKEA даверыла выраб прадукцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Швэдзкая кампанія IKEA спыняе працу ў Расеі і Беларусі да 31 траўня