Bloomberg: канцлер Нямеччыны Шольц адмовіўся ад поўнай нацыяналізацыі Gazprom Germania, каб «не раззлаваць» Пуціна

Оляф Шольц, Кёльн, 13 траўня 2022 году

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц адмовіўся ад ідэі поўнай нацыяналізацыі былога нямецкага падразьдзяленьня «Газпрому» Gazprom Germania.

Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.

Як адзначылі суразмоўцы агенцтва, канцлер палічыў, што такое рашэньне «можа раззлаваць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна» і прывесьці да спыненьня паставак расейскага газу.

Агенцтва піша, што на поўнай нацыяналізацыі падразьдзяленьня «Газпраму» настойваў міністар эканомікі Робэрт Габэк.

Урад Нямеччыны вырашыў узяць кампанію, якая апынулася пад санкцыямі, пад доўгатэрміновае вонкавае кіраваньне. З 4 красавіка кампаніяй кіруе Фэдэральнае сеткавае агенцтва Нямеччыны (BNetzA). Акрамя таго, паводле дадзеных Reuters і Spiegel, нямецкія ўлады хочуць забясьпечыць Gazprom Germania шматмільярдную пазыку ад рызык магчымага банкруцтва, гаворка можа ісьці пра суму ад 9 да 10 млрд эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Баі за Севераданецк, расейцы рыхтуюцца да наступу на Славянск. 111-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Група Gazprom Germania валодае ў Нямеччыне сховішчам газу і мае глябальную гандлёвую каманду зь філіяламі ў Лёндане і Сынгапуры.

Першага красавіка «Газпрам» спыніў удзел у Gazprom Germania і ўсіх яе актывах. Расея ўвяла санкцыі супраць замежных «дочак» «Газпрому» 11 траўня. Тады ж віцэ-канцлер Нямеччыны Робэрт Габэк заявіў, што былыя даччыныя прадпрыемствы расейскай кампаніі перасталі атрымліваць газ.