«Белінвэстбанк» увёў ліміт на зьняцьце грошай у банкаматах; банкі ўводзяць абмежаваньні па картках «Мир»

Зь сёньняшняга дня з картак, эмітаваных банкамі-нерэзыдэнтамі, можна зьняць ня больш як 500 рублёў на тыдзень.

Пра гэта «Белінвэстбанк» паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

Нядаўна «Белінвэстбанк» трапіў у шосты пакет санкцый ЭЗ — яго павінны адключыць ад SWIFT.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

15% беларусаў — кліенты гэтага банку. Што вядома пра «Белінвестбанк», які адключылі ад SWIFT

Беларускія банкі працягваюць уводзіць абмежаваньні і камісіі карыстальнікам картак расейскай плацёжнай сыстэмы «Мир». Ад сёньня кліентам «Беларусбанку» можна здымаць ня больш як 500 рублёў на тыдзень з гэтых картак, выдадзеных банкамі-нерэзыдэнтамі. Таксама Беларусбанк увёў камісію — 15% ад сумы апэрацыі па выдачы наяўных у аддзяленьнях банку. Гэта ўжо пяты банк, які ўвёў такія абмежаваньні.

Нядаўна аналягічныя абмежаваньні на зьняцьце гатоўкі па картках «Мир» увялі «Белаграпрамбанк», «Банк «Рашэньне», «Белгазпрамбанк», «БелВЭБ» і «РРБ-Банк».

Тым часам «Прыёрбанк» рэзка падняў тарыф на валютныя пераводы з-за мяжы, паведамляе dev.by. З 13 чэрвеня за залічэньне валютных сродкаў, якія паступаюць на рахунак з-за мяжы, «Прыёрбанк» здымае 3% ад сумы (мінімум 15 рублёў, максымум 2500 рублёў), ня лічачы камісіі за перавод. Да 1 чэрвеня банк спаганяў за залічэньне 1% ад сумы, з 1 чэрвеня да 13-га — 1,8%.