Расея з пачатку вайны прадала энэрганосьбітаў на 98 мільярдаў даляраў
Пратэст у Бэльгіі супраць куплі расейскай нафты
За першыя 100 дзён уварваньня ва Ўкраіну Расея зарабіла на экспарце выкапнёвага паліва 98 мільярдаў даляраў. Асноўны пакупнік — краіны Эўразьвязу. Пра гэта паведамляе Цэнтар вывучэньня энэргетыкі і чыстага паветра (CREA)
На ЭЗ прыпаў 61% расейскага экспарту энэрганосьбітаў, што склала 60 мільярдаў даляраў. Асноўныя краіны-спажыўцы — Нямеччына (звыш $12 мільярдаў) і Італія (звыш $7 мільярдаў). Галоўны імпартэр расейскіх нафты і газу па-за межамі ЭЗ — Кітай (каля $13 мільярдаў).
У справаздачы CREA адзначаецца, што аб’ёмы экспарту расейскіх энэрганосьбітаў зьнізіліся ў траўні на 15% у параўнаньні з даваеннымі паказчыкамі, але павелічэньне попыту на паліва прынесла Расіі «нечаканы прыбытак»: экспартная цана расейскіх энэрганосьбітаў на 60% вышэйшая, чым летась.
3 чэрвеня Рада ЭЗ афіцыйна зацьвердзіла шосты пакет санкцыяў адносна Беларусі і Расеі ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну. Было прынятае рашэньне адмовіцца ад імпарту расейскай нафты на працягу шасьці месяцаў і ад імпарту нафтапрадуктаў на працягу васьмі месяцаў.
Выключэньне прадугледжанае для імпарту сырой нафты па трубаправодзе ў краіны ЭЗ, якія праз сваё геаграфічнае становішча знаходзяцца ў асаблівай залежнасьці ад паставак з РФ — гаворка ідзе пра Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію. Эмбарга на імпарт расейскай нафты раней увялі ЗША і Вялікая Брытанія.