Ва Ўкраіне заснавалі пэтыцыю за выдачу грамадзянства замежным добрааахвотнікам
Украінскі пашпарт
Праблема атрыманьня ўкраінскага грамадзянства перасьледуе замежных добраахвотнікаў ад самага пачатку баявых дзеяньняў у 2014-м годзе.
Ва Ўкраіне зьбіраюць подпісы за выдачу грамадзянства замежным добраахвотнікам, у тым ліку беларусам.
Стваральнікі пэтыцыі патрабуюць ад прэзыдэнта краіны Ўладзіміра Зяленскага і іншых палітыкаў, якія могуць на гэта ўплываць, даваць замежным добраахвотнікам грамадзянства або іншы прававы статус, які гарантуе ім і іхнім сем’ям сацыяльную і прававую абарону, такую, як і ўкраінцам.
На гэты момант сабрана 5712 подпісаў з патрэбных 25000.
Цяпер, калі добраахвотнік атрымае калецтва, трапіць у палон або загіне, ён і яго сямʼя не атрымаюць належнай сацыяльнай і прававой абароны. Палонных беларусаў падчас абмену адправяць у Беларусь, дзе іх чакае суд за вайну на баку Ўкраіны, і ім будзе пагражаць расстрэл.
З пачатку вайны абараняць Украіну паехалі больш за 2 тысячы беларусаў.
Праз праблемы зь легалізацыяй на тэрыторыі Ўкраіны шэраг замежных добраахвотнікаў, у тым ліку беларускіх, вымушаныя былі зьехаць у іншыя краіны.
Тое, што ўкраінскія ўлады гадамі не маглі вырашыць пытаньне легальнага статусу добраахвотнікаў, прыгадваў і вядомы ваяр з Харватыі Дэніс Шэлер, які змагаўся за Ўкраіну ў складзе Нацыянальнай гвардыі ад самага пачатку баявых дзеяньняў у 2014-м. У некалькіх сваіх інтэрвію Шэлер адзначаў, што добраахвотнікаў з адной толькі Харватыі на ўкраінскім баку магло быць больш, калі б ня цяжкасьці з дакумэнтамі ва Ўкраіне.