Генштаб Украіны: расейскія войскі маюць «частковы посьпех» у Севераданецку, але не ў Лісічанску
Паліцыянты размаўляюць зь мясцовым жыхаром, чый дом трапіў пад абстрэл з боку Расеі, Лісічанск, 2 чэрвеня 2022
Расея працягвае канцэнтраваць свае намаганьні на Данецкай вобласьці пад Севераданецкам, гаворыцца ў паведамленьні Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны 3 чэрвеня.
«На данецкім кірунку праціўнік сканцэнтраваў асноўныя намаганьні ў раёне гораду Севераданецк. Пад прыкрыцьцём артылерыйскага агню ён штурмаваў жылыя кварталы ва ўсходняй частцы гораду. Гэта мае частковы посьпех, актыўныя баявыя дзеяньні працягваюцца», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адначасова ўкраінскае камандаваньне фіксуе спробы расейскіх войскаў атакаваць Бахмут, Салядар і Лісічанск:
«(Вораг. — РС) ня мае посьпеху, ён адышоў на ранейшыя пазыцыі. Спрабаваў узяць пад кантроль левы бераг ракі Северскі Данец і стварыць умовы для яго фарсаваньня асноўнымі сіламі групоўкі», — адзначылі ў штабе.
На працягу дня Расея рыхтавалася да аднаўленьня наступу на славянскім напрамку, засяродзіўшы да 20 батальённых тактычных груп.
«На харкаўскім кірунку расейскія акупанты працягваюць весьці абарону, зьнішчаючы цывільныя аб’екты ў горадзе Харкаве. Яны нанесьлі авіяўдар зь верталётаў Мі-8 па пазыцыях нашых войскаў у раёнах населеных пунктаў Слаціно і Дземянцееўка», — дадалі ў штабе.
Як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства абароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік, па стане на раніцу 3 чэрвеня Ўзброеныя сілы Ўкраіны адціснулі расейскія войскі ад дзьвюх вёсак у рэгіёне Севераданецку.