Washington Post: Кітай шукае спосабы дапамагчы Расеі, але баіцца санкцый
Сі Цзіньпін і Ўладзімір Пуцін
Старшыня КНР Сі Цзіньпін паставіў перад сваімі памочнікамі задачу знайсьці спосабы дапамагчы Расеі, аднак зрабіць гэта так, каб не аказацца пад заходнімі санкцыямі.
Пра гэта пішаThe Washington Post са спасылкай на двух ананімных чыноўнікаў у Кітаі і ў ЗША.
З пачатку вайны Расея ўжо неаднаразова зьвярталася да Кітаю з просьбамі аб эканамічнай падтрымцы — у тым ліку фінансавай і тэхналягічнай, але Пэкін баіцца амэрыканскіх санкцый, і падобныя размовы яго раздражняюць, піша газэта.
Паводле дадзеных выданьня, расейскія дыпляматы як мінімум двойчы прасілі Кітай аб новых формах эканамічнай падтрымкі і ўказвалі на гандлёвыя абавязаньні, прынятыя Кітаем да 24 лютага. Адзін з кітайскіх чыноўнікаў, знаёмы з ходам гэтых перамоваў, ахарактарызаваў іх як «напружаныя». «Мы разумеем цяжкае становішча [Масквы]. Але мы ня можам ігнараваць і наша ўласнае становішча ў гэтым дыялёгу. Кітай заўсёды будзе дзейнічаць у найлепшых інтарэсах кітайскага народу», — цытуе газэта крыніцы ў Пэкіне.
Пры гэтым на дыпляматычным узроўні Пэкін падтрымлівае Маскву, ускладаючы віну за канфлікт на ЗША і NATO, санкцыі называе «незаконнымі», у Радзе Бясьпекі ААН устрымліваецца пры галасаваньні за рэзалюцыі, супраць якіх выступае Расея.
Аднак у Маскве, як адзначае The Washington Post, такую падтрымку лічаць недастатковай.
Адзін з суразмоўцаў выданьня таксама расказаў, што вайна ва Ўкраіне зацягнулася даўжэй, чым чакаў Кітай, і ў Пэкіне далі зразумець Маскве, што спыненьне баёў «дасьць больш свабоды для процідзеяньня санкцыям і разьвіцьця дзелавых сувязей».
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і іншыя разьвітыя краіны ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі, якія закранулі цэлыя сэктары эканомікі. На краіны, якія не выконваюць забарону, могуць быць накладзеныя другасныя санкцыі: у прыватнасьці, ім могуць абмежаваць продаж тэхналёгій ці абсталяваньня.
У 2021 годзе таваразварот Кітаю з Расеяй склаў прыкладна 150 мільярдаў даляраў, з ЗША — 755 мільярдаў, а з краінамі ЭЗ — амаль 600 мільярдаў.