Генштаб Украіны: беларускія войскі заміноўваюць памежную з Польшчай і Ўкраінай тэрыторыю Беларусі
Беларуска-польская мяжа
Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў, што беларускія войскі пачалі заміноўваць памежную з Украінай і Польшчай тэрыторыю.
«Асноўныя высілкі Ўзброеных сіл Беларусі канцэнтруюцца на вядзеньні выведкі, інжынэрным абсталяваньні сваіх пазыцый, а таксама на захадах баявой падрыхтоўкі. Апроч таго, ажыцьцяўляецца мінаваньне пад’язных шляхоў, лясных дарог і мастоў у памежных з Украінай раёнах Берасьцейскай вобласьці, уздоўж дзяржаўнай мяжы Ўкраіны з Польшчай да кірунку Алеўск — Наваград-Валынскі (Жытомірская вобласьць)», — заявіў Аляксей Громаў 2 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.
У той жа час, паводле яго, украінская вайсковая выведка не назірае фармаваньня на валынскім і палескім кірунках ударных падразьдзяленьняў для наступу з тэрыторыі Беларусі. Аднак імавернасьць ракетных абстрэлаў украінскай тэрыторыі па-ранейшаму захоўваецца.
З 1 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ўвёў абмежаваньні на ўваход, уезд і часовае знаходжаньне грамадзян у памежнай паласе ў трох раёнах Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай — Брагінскім, Хойніцкім і Лоеўскім.
Абмежаваньні ўводзяцца з 1 чэрвеня па 31 жніўня «ў мэтах забесьпячэньня памежнай бясьпекі», паведамляў Памежны камітэт 28 траўня. Пра абмежаваньні ў памежных раёнах Берасьцейскай вобласьці нічога не паведамлялася.