Урад прапанаваў адмяніць некаторыя праверкі і зрабіць палёгкі ў спажывецкіх і жыльлёвых крэдытах. Лукашэнка думае
Дом ураду, Менск
У праекце закону «Аб удасканаленьні сацыяльна-эканамічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь» урад прапанаваў кардынальна перагледзець практыку рэгуляваньня некаторых напрамкаў. Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў абгрунтаваць гэтыя захады і паведаміць, як яны адаб’юцца на прыбытках бюджэту.
Лукашэнка на нарадзе аб эканоміцы адзначыў, што шэраг захадаў у праекце закону накіраваныя на абарону дзяржаўных інтарэсаў і ўмацаваньне эканамічнай бясьпекі краіны. Аднак таксама прапануюцца мытныя і падатковыя адтэрміноўкі, мараторый на рост маёмасных падаткаў.
«Але як гэта адаб’ецца на даходах бюджэту, такім чынам на заробках настаўнікаў, дактароў, выплаце пэнсій і дзіцячых дапамог?»— спытаў Лукашэнка.
Ён таксама паставіў пытаньне, наколькі неабходная забарона на выбарачныя праверкі: «Калі трэба нешта не правяраць, дык вы, напэўна, і самі прымеце рашэньне. Навошта вас падразаць нейкімі законамі?».
Лукашэнка прызнаў, што заходнія санкцыі дзейнічаюць:
«Айчынныя прадпрыемствы сапраўды сутыкаюцца з бар'ерамі, штучна створанымі на вонкавым контуры. Яны закранулі ўсе этапы вытворчага працэсу: закупку сыравіны і матэрыялаў, транспартаваньне, разлікі, фінансы, крэдытную падтрымку, продаж на экспарт. Цяжкасьці не падстава для панікі, але і разьлічваць, што сытуацыя сама па сабе разыдзецца, ня варта».
Эканоміка Рэспублікі Беларусь працуе ва ўмовах заходніх санкцый, часткова ўведзеных пасьля рэпрэсій супраць грамадзян у 2020-2021 гг., а часткова за падтрымку расейскага ваеннага нападу на Ўкраіну. Чыноўнікі і сам Лукашэнка ў сваіх заявах нярэдка супярэчаць адзін аднаму, то гаворачы пра неймаверны ўздым эканомікі, то кажучы пра велізарныя страты ад зьмены рынкаў экспарту.