У Кіеў прыбыла кіраўніца МЗС Францыі. Гэта першы візыт прадстаўніка францускіх уладаў у Кіеў падчас вайны

Катрын Каляна

Візыт у Кіеў стаўся адным зь першых для Катрын Каляна на пасадзе міністаркі замежных спраў Францыі, якую яна заняла 20 траўня.

У сталіцу Ўкраіны цягніком прыбыла новапрызначаная міністарка Эўропы і замежных спраў Францыі Катрын Каляна.

«Я прыехала ва Ўкраіну, каб паказаць падтрымку Францыю перад украінскім народам», — напісала Каляна ў Twitter.

Як паведамляе Міністэрства Эўропы і замежных спраў Францыі, візыт закліканы прадэманстраваць салідарнасьць Францыі з украінскім народам і яе рашучасьць узмацніць падтрымку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі як у гуманітарным і фінансавым пляне, так і ў пастаўках абароннага абсталяваньня.

«Спадарыня Катрын Каляна сустрэнецца са сваім украінскім калегам Дзьмітром Кулебам пасьля іх першага кантакту 25 траўня, каб абмеркаваць падтрымку Францыяй Украіны ва ўсіх сфэрах і, у прыватнасьці, абмеркаваць блякаду экспарту збожжа і алею з Украіны, што павялічвае рэальную харчовую небясьпеку і патрэбы як мага хутчэй знайсьці канкрэтныя рашэньні для іх ліквідацыі. Яе таксама прыме прэзыдэнт Зяленскі», — гаворыцца ў заяве міністэрства ў панядзелак.

У ведамстве адзначылі, што Каляна наведае Бучу і перадасьць украінскім уладам пажарныя машыны і машыны хуткай дапамогі. Міністарка таксама павітае супрацоўнікаў амбасады Францыі ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Інсайд Свабоды: Праект рашэньня Эўразьвязу выводзіць з-пад эмбарга расейскую нафту, якая пастаўляецца праз трубаправод

Катрын Каляна ўзначаліла МЗС Францыі 20 траўня. 30 і 31 траўня ў Брусэлі праходзіць саміт ЭЗ, які разглядае шосты пакет санкцыі супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шольц і Макрон абмеркавалі з Пуціным лёс украінскіх ваеннапалонных і вываз збожжа з Украіны