Літоўскі журналіст сабраў 5 млн эўра, каб набыць Украіне «Байрактар»

Літоўская анлайн-тэлевізія Laisvės TV, заснаваная на плятформе YouTube вядомым літоўскім журналістам і грамадзкім дзеячам Андрусам Тапінасам, сабрала 5 мільёнаў эўра для набыцьця турэцкага бесьпілётніка «Байрактар», як перададуць Украіне.

«Цяпер мы сапраўды можам сьвяткаваць», — сказаў у прамым эфіры 28 траўня ініцыятар кампаніі журналіст Андрус Тапінас.

Ён падзякаваў усім, хто зрабіў свой унёсак і ахвяраваў грошы для гэтай мэты. Больш за 5 мільёнаў эўра сабралі за 3,5 дні, сума ўсё яшчэ расьце.

Раней Тапінас атрымаў згоду на набыцьцё «байрактара» ад уладаў Літвы і Турэччыны. Laisvės TV абяцае перадаць сабраныя грошы Міністэрству абароны Ўкраіны.

Бесьпілётнікі «Байрактар» даказалі сваю эфэктыўнасьць супраць расейскіх войскаў і іх саюзьнікаў у канфліктах у Сырыі і Лібіі, яго закуп арганізаваны Міністэрствам абароны Літвы, якое паведаміла агенцтву Reuters, што плянуе набыць апарат у Турэччыне на наступным тыдні.