Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выйшла з падпарадкаваньня Рускай праваслаўнай царквы

Мітрапаліт Ануфрый, кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, 2020

Сабор Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) прыняў рашэньне аб поўнай незалежнасьці і самастойнасьці УПЦ.

«Выказваем нязгоду з пазыцыяй Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла наконт вайны ва Ўкраіне. Сабор прыняў адпаведныя дапаўненьні і зьмены ў Статут аб кіраваньні Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы, якія сьведчаць аб поўнай самастойнасьці і незалежнасьці Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы», — гаворыцца ў пастанове Сабору УПЦ.

УПЦ таксама заклікала ўлады Ўкраіны і Расеі працягваць перамовы, каб спыніць вайну. «Сабор зьвяртаецца да ўладаў Украіны і ўладаў Расейскай Фэдэрацыі з просьбай працягваць перамоўны працэс і пошук моцнага і разумнага слова, якое змагло б спыніць праліцьцё крыві», — гаворыцца ў дакумэнце.

  • 6 сакавіка кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл заявіў, што пачатак ваенных дзеяньняў зьвязаны з тым, што нейкія сілы восем гадоў спрабавалі «зьнішчыць тое, што існуе ў Данбасе». «Мы ўступілі ў барацьбу, якая мае не фізычнае, а мэтафізычнае значэньне», — заяўляў Кірыл, крытыкуючы краіны Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак заклікаў да перамір’я, а патрыярх Кірыл — да згуртаваньня вакол улады
  • Таксама ў красавіку патрыярх Кірыл заклікаў вернікаў згуртавацца ў складаны для краіны час, у тым ліку вакол улады.
  • «Вось тады і будзе ў народзе нашым сапраўдная салідарнасьць і здольнасьць адбіваць ворагаў зьнешніх і ўнутраных, і ладзіць жыцьцё наша такім чынам, каб у гэтым жыцьці было як мага больш дабра, праўды і любові», — сказаў патрыярх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Кірыл не асудзіў вайны ва Ўкраіне і заявіў, што яна ідзе таму, што ў Данбасе ня хочуць гей-парадаў
  • Раней пасьля набажэнства ў цэнтральным храме Узброеных сілаў ён сказаў, што ў ваенны час служба ў войску — гэта сапраўдны подзьвіг.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт УПЦ Маскоўскага патрыярхату Ануфрый стаў на бок Украіны і назваў дзеяньні Пуціна «Каінавым грахом»
  • У сваю чаргу, мітрапаліт УПЦ МП Ануфрый у першы ж дзень вайны асудзіў напад Расеі на Ўкраіну, назваўшы яго «Каінавым грахом».