Былога прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона адправілі пад хатні арышт на 30 сутак

Былы прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон. 22 траўня 2022 году.

Суд у Кішынёве адправіў былога прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона пад хатні арышт на 30 сутак.

Пра гэта піша NewsMaker.

Такім чынам, патрабаваньне дзяржабвінавачваньня аб арышце Дадона суд задаволіў часткова.

Раніцай 24 траўня Антыкарупцыйная пракуратура Малдовы і Служба інфармацыі і бясьпекі правялі ператрусы ў доме Ігара Дадона па падазрэньні ў карупцыі, незаконным узбагачэньні і здрадзе радзіме. Пазьней яго затрымалі на 72 гадзіны.

Пра тое, што супраць былога прэзыдэнта Малдовы ўзбуджаная крымінальная справа, 18 траўня паведаміў партал NewsMaker. Яго западозрылі ў атрыманьні хабару ад экс-кіраўніка Дэмакратычнай партыі і бізнэсмэна Ўладзіміра Плахатнюка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі былога прэзыдэнта Малдовы Дадона 

У 2020 годзе экс-дэпутат Юрый Рэніцэ апублікаваў зьняты схаванай камэрай відэазапіс, на якім Дадон сустракаўся з Плахатнюком і яго намесьнікам. На відэа Плахатнюк спрабаваў перадаць чорны пакет. Дадон да яго не дакранаўся, але сказаў: «Ізноў вы з кульком» і папрасіў перадаць яго нейкаму «Косьцю». Як сьцьвярджае Рэніцэ, запіс быў зроблены яшчэ ў 2019 годзе, калі Дадон займаў прэзыдэнцкую пасаду. У пакеце, паводле слоў былога дэпутата, была буйная грашовая сума.

На відэа Дадон і Плахатнюк таксама абмяркоўваюць стварэньне ў парлямэнце кааліцыі, якая мела б канстытуцыйную большасьць. Па дадзеных TV 8, Дадон пры гэтым казаў, што «пастаянна піша запіскі Пуціну».

Пасьля зьяўленьня гэтага відэа пачалося расьсьледаваньне, але антыкарупцыйная пракуратура першапачаткова ня выявіла злачынства, і суд адмовіўся ўзбуджаць справу. На мінулым тыдні Апэляцыйная палата Кішынёва адмяніла рашэньне суду. Дадон адмаўляе ўсе абвінавачаньні.

Да гэтага, у сьнежні 2021 году, Дадон таксама стаў падазраваным па справе аб крадзяжы 12 млн даляраў пры імпарце электраэнэргіі ў 2008 годзе з дапамогай дзяржкампаніі Energocom. Па вэрсіі сьледзтва, былы прэзыдэнт у змове з чыноўнікамі і іншымі асобамі, у тым ліку тымі, хто жыве за межамі Малдовы, арганізаваў злачынную схему. Неабгрунтавана павялічыўшы закупачную цану на электраэнэргію, ён і іншыя фігуранты прысвойвалі сабе розьніцу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Ігар Дадон

У адносінах да Плахатнюка ў Малдове расьсьледуецца крымінальная справа аб датычнасьці да буйных фінансавых афёр. У Расеі ён праходзіць па некалькіх крымінальных справах аб злачыннай дзейнасьці. Масква аб’явіла яго ў міжнародны вышук.