Як пішуць малдоўскія СМІ, Ігара Дадона затрымалі на 72 гадзіны.
Яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе, раніцай 24 траўня ў яго дома прайшлі ператрусы. Антыкарупцыйная пракуратура Малдовы і Служба інфармацыі і бясьпекі правялі ператрус у доме былога прэзыдэнта Ігара Дадона падазрэньні ў карупцыі, незаконным абагачэньні і здрадзе радзімы. Аб гэтым выданьню NewsMaker паведамілі ў Генпракуратуры краіны.
Аб тым, што супраць былога прэзыдэнта Малдовы завялі справу, 18 траўня паведаміў партал NewsMaker. Яго западозрылі ў атрыманьні хабару ад экс-кіраўніка Дэмакратычнай партыі і бізнэсмэна Oладзіміра Палахатнюка.
Выканаўца абавязкаў генэральнага пракурора Малдовы Думітру Робу распарадзіўся пачаць крымінальнае расьсьледаваньне па факце відэазапісаў, якія зьявіліся ў публічнай прасторы летам 2019 году. На відэа былы прэзыдэнт Ігар Дадон атрымлівае ад алігарха, тагачаснага лідэра Дэмакратычнай партыі Ўладзіміра Плахатнюка сумку зь невядомым зьмесьцівам.
У траўні 2020 году былы дэпутат парлямэнту Юры Рэніцэ прадставіў некалькі відэазапісаў з удзелам Ігара Дадона і Ўладзіміра Плахатнюка. У былога старшыні Дэмпартыі ў руках была чорная сумка, якую ён перадаў Ігару Дадону і ў якой, па сьцьвярджэньні Рэніцэ, былі грошы.
24 чэрвеня антыкарупцыйная пракуратура паведаміла аб завяршэньні расьсьледаваньня справы. Пракуратура прыняла рашэньне не распачынаць крымінальную справу, паколькі немагчыма ўстанавіць, што было ў сумцы, якую Плахатнюк перадаў Дадону. Адначасова пракуратура запэўніла, што адновіць расьсьледаваньне, калі зьявяцца пераканаўчыя доказы.
У адказ на паведамленьне аб распачатай сёньня справе Ігар Дадон заявіў, што не зьбіраецца пакідаць краіну.