Генштаб Украіны: Расея перамясьціла пускавыя ўстаноўкі «Іскандэр» у Лунінец Берасьцейскай вобласьці
Комплекс «Іскандэр»
У Міністэрстве абароны Ўкраіны і Генэральным штабе Ўзброеных сіл пакуль не назіраюць фармаваньня ўдарнай групоўкі для наступу ў валынскім і палескім раёнах.
«У той жа час ажыцьцявілі перамяшчэньне пускавых установак апэратыўна-тактычных крылатых ракет „Іскандэр“ у раён Лунінца Берасьцейскай вобласьці. Не выключаецца іхнае залучэньне да абстрэлу вайсковых аб’ектаў і інфраструктуры ў заходнім рэгіёне Ўкраіны», — заявіў прадстаўнік Галоўнага апэратыўнага кіраўніцтва Генштабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў 26 траўня на брыфінгу ў Кіеве.
У сваю чаргу, намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр дадала, што лічыць правядзеньне новых вайсковых вучэньняў на тэрыторыі Беларусі дадатковым фактарам пагрозы.
«Што тычыцца вучэньняў, то мы бачылі, як Расея выкарыстоўвае нагоду вучэньняў, каб ажыцьцявіць эскаляцыю і ўварваньне на тэрыторыю іншай дзяржавы, і, безумоўна, вучэньні — гэта адзін з спосабаў падтрымліваць баяздольнасьць войскаў, але фармальна дэманстраваць гэта як вучэньні. Таму пагроза і выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі, і нанясеньня ўдараў з той тэрыторыі застаецца, гэтаксама як застаецца пагроза выкарыстаньня Прыднястроўскага рэгіёну Малдовы», — заявіла Ганна Маляр.
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны нагадала, што згодна з міжнародным правам «краіна, якая надае тэрыторыю трэцяй краіне для ажыцьцяўленьня агрэсіі, таксама зьяўляецца саўдзельніцай міжнароднага злачынства, якое называецца агрэсія».