Выведка Вялікай Брытаніі патлумачыла вялікія страты сярод расейскіх дэсантнікаў
Разьбітыя расейскія сілы на рацэ Северскі Данец каля Белагораўкі, 12 траўня 2022
Расея не змагла правільна выкарыстоўваць свае паветрана-дэсантныя войскі ва Ўкраіне, што прывяло да значных страт у многіх элітных падразьдзяленьнях гэтых сіл, гаворыцца ў выведным аглядзе Міністэрства абароны Брытаніі.
У паведамленьні брытанскай выведкі адзначаецца, што паветрана-дэсантныя сілы Расеі з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну былі сур’ёзна ўцягнутыя ў некалькі прыкметных тактычных правалаў. Сярод іх — спроба наступу на Кіеў праз аэрадром Гастомеля ў сакавіку, наступ на Ізюмскім кірунку, які застопарыўся з красавіка, і нядаўняя беспасьпяховая пераправа праз раку Северскі Данец.
Расейская дактрына прадугледжвае выкарыстаньне ПДВ для выкананьня некаторых з найбольш складаных апэрацый. Расейскія паветрана-дэсантныя войскі колькасьцю 45 тысяч чалавек складаецца ў асноўным з прафэсійных кантрактнікаў. Яны карыстаюцца элітным статутам і атрымліваюць дадатковую плату.
Аднак ва Ўкраіне Расея выкарыстоўвала дэсантнікаў у місіях, якія лепш падыходзілі для цяжкай браняванай пяхоты, таму гэтыя падразьдзяленьні панесьлі цяжкія страты падчас кампаніі.
Неадназначныя вынікі дэсантнікаў, пэўна, адлюстроўваюць стратэгічнае няправільнае кіраваньне гэтым патэнцыялам і няздольнасьць Расеі забясьпечыць перавагу ў паветры, гаворыцца ў зводцы.
«Няправільнае выкарыстаньне ПДВ ва Ўкраіне паказвае, як значныя інвэстыцыі Пуціна ва ўзброеныя сілы на працягу апошніх 15 гадоў прывялі да незбалянсаванасьці агульных сіл. Няздольнасьць прадугледзець супраціў украінцаў і далейшае самазаспакаеньне расейскіх камандзіраў прывялі да значных страт у многіх элітных падразьдзяленьнях Расеі», — гаворыцца ў брытанскім аглядзе.