МАГАТЭ ня мае доступу на Запароскую АЭС, якую захапілі расейскія войскі

Пашкоджаны адміністрацыйны будынак Запароскай АЭС, 4 сакавіка 2022

Раней віцэ-прэмʼер ураду Расеі Марат Хуснулін заявіў, што энэргія з Запароскай АЭС можа пастаўляцца ва Ўкраіну, але калі за яе заплацяць.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі заклапочанае адсутнасьцю доступу да Запароскай АЭС, занятай расейскімі войскамі. Пра гэта заявіў гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе.

«Мы зараз спрабуем вярнуцца на Запароскую АЭС, якая зьяўляецца найбуйнейшай атамнай электрастанцыяй у Эўропе. Шэсьць ядзерных рэактараў, 30 тысяч кг плютонію, 40 тысяч кг узбагачанага ўрану. У маіх інспэктараў няма доступу да гэтага», — цытуе яго ТАСС.

Гросі падкрэсьліў, што гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя, асаблівасьць якой палягае ў тым, што АЭС кантралюецца расейскімі войскамі, але ёю апэруе ўкраінскі «Енергоатом». Ён назваў такую сытуацыю нестабільнай. Гросі заявіў, што МАГАТЭ разьлічвае дабіцца таго, каб інспэктары трапілі на станцыю, «каб прадухіліць праблему або выявіць якое-небудзь зьнікненьне некалькіх кіляграмаў матэрыялу клясы ядзернай зброі».

У сакавіку пры захопе Энэргадару, дзе знаходзіцца Запароская АЭС, побач зь ёй вяліся баявыя дзеяньні. Адзін са снарадаў трапіў у аб’ект АЭС, гэта аказаўся вучэбна-трэнавальны корпус, у ім узьнік пажар.

Запароская АЭС разьмяшчаецца ва ўкраінскім горадзе Энэргадар. 9 сакавіка расейскія вайскоўцы заявілі, што цалкам кантралююць АЭС. «Росатом» паведамляў, што кансультуе пэрсанал Запароскай АЭС, аднак, згодна з заявай кампаніі, станцыю абслугоўваюць украінскія спэцыялісты. «Росатом» таксама адмаўляў, што Расея плянуе ўзяць АЭС «пад поўны і пастаянны кантроль».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Энэргадары падарвалі кіраўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.