У ЗША апублікавалі даклад аб катаваньнях у лягерах для ўйгураў у КНР

Лягер для інтэрнаваных у Кітаі

Сёньня вашынгтонскі Фонд памяці ахвяраў камунізму апублікаваў справаздачу аб катаваньнях у лягерах для інтэрнаваных уйгураў.

Дакумэнт складзены на падставе зьвестак, атрыманых Фондам з унутраных кампутарных сетак паліцыі Сіньцзяна ў Кітаі.

Справаздача пад назвай «Паліцэйскія файлы Сіньцзяна» зьмяшчае дзясяткі тысяч фота- і відэадоказаў фактаў гвалту ў адносінах да ўйгураў, у прыватнасьці, кадры жорсткага абыходжаньня са зьняволенымі падчас трэніровак паліцыянтаў. Напрыклад, людзей у лягеры закоўвалі ў кайданкі і зьбівалі.

Файлы з унутраных кампутарных сетак паліцыі Сіньцзяна вэрыфікаваў Адрыян Зэнз, дырэктар аддзелу кітайскіх дасьледаваньняў у Фондзе памяці ахвяраў камунізму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі ўйгураў адпраўляюць у лягеры за малады ўзрост і сваякоў за мяжой

У заяве фонду гаворыцца, што лідэр КНР Сі Цзіньпін асабіста аддаў загад забясьпечыць перапоўненыя лягеры для інтэрнаваных дадатковай аховай. У базах дадзеных паліцыі таксама зьмяшчаецца інфармацыя аб тым, што ў 2018 годзе больш за 12% дарослага, пераважна ўйгурскага, насельніцтва Сінцьзяна знаходзіліся ў лягерах для інтэрнаваных, сьцьвярджае арганізацыя.

«Паліцэйскія файлы Сіньцзяна» пацьвярджаюць, што так званыя кітайскія прафэсійныя навучальныя цэнтры на самай справе зьяўляюцца турмамі«, — заявіў прэзыдэнт фонду Эндру Брэмбэрг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стратэгічныя бамбавікі Расеі і Кітаю правялі палёт падчас візыту Байдэна ў Японію. Што гэта значыць

Прэсавы прадстаўнік МЗС КНР Вэнг Вэнбін заявіў, што «гэта сьвежы прыклад таго, як антыкітайскія сілы спрабуюць дыскрэдытаваць Кітай», паведамляе Bloomberg.

У 2019 годзе Міжнародны кансорцыюм журналістаў-расьсьледавальнікаў апублікаваў атрыманыя сакрэтныя дакумэнты кітайскіх уладаў аб лягерах, у якіх утрымліваюцца мусульмане — жыхары Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну на паўночным захадзе Кітая.

У 2021 годзе дзяржсакратар ЗША Майк Пампео назваў генацыдам перасьлед уйгураў у Кітаі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў, што ЗША гатовыя абараняць Тайвань у выпадку нападу Кітая