Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн заявіў, што ЗША гатовыя абараняць Тайвань у выпадку нападу Кітая


Джо Байдэн на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм'ерам Японіі Фуміё Кісідай, Токіё, 23 траўня 2022
Джо Байдэн на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм'ерам Японіі Фуміё Кісідай, Токіё, 23 траўня 2022

У выпадку, калі Кітай паспрабуе захапіць Тайвань сілай, Злучаныя Штаты Амэрыкі гатовыя абараняць востраў ваенным шляхам, заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

«Вы не хацелі ўцягвацца ваенным шляхам у вялікі канфлікт ва Ўкраіне зь відавочных прычын. Ці гатовыя вы да ваеннага ўмяшаньня, каб абараніць Тайвань, калі да гэтага дойдзе?» — спыталі ў прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна ў панядзелак 23 траўня на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэм’ерам Японіі Фуміё Кісідай у Токіё.

«Так, гэта абавязаньне, якое мы далі», — адказаў Байдэн, якога цытуе Associated Press.

Амэрыканскі прэзыдэнт зазначыў, што ЗША пагадзіліся з палітыкай «адзінага Кітая» і падпісаліся пад ёй, але лічаць непрымальным саму ідэю аб тым, што гэтага адзінства можна дабіцца сілай.

Байдэн патлумачыў, што цяпер не чакае спроб захопу Тайваня з боку Кітая, аднак тое, ці ўдасца гэтага пазьбегнуць, залежыць ад таго, наколькі сьвет зможа данесьці да Кітая наступствы магчымага ўварваньня.

Раней ЗША пазьбягалі даваць такія відавочныя гарантыі бясьпекі Тайваню, зь якім у іх больш няма дамовы аб узаемнай абароне. Закон аб адносінах з Тайванем 1979 года, які рэгуляваў адносіны ЗША з востравам, не патрабуе ад ЗША вайсковага ўмяшаньня для абароны Тайваня ў выпадку ўварваньня Кітая, але амэрыканская палітыка накіравана на забесьпячэньне Тайваня рэсурсамі для самаабароны і прадухіленьне любой аднабаковай зьмены статусу Тайваня з боку Пекіна.

У нядзелю, 22 траўня Джо Байдэн прыбыў у Японію, каб прадставіць плян больш актыўнага эканамічнага ўзаемадзеяньня ЗША з краінамі Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну.

23 траўня Байдэн прадставіць Інда-Ціхаакіянскую эканамічную праграму (IPEF), накіраваную на больш цеснае абʼяднаньне краін рэгіёну праз агульныя стандарты ў такіх галінах, як устойлівасьць ланцужкоў паставак, чыстая энэргія, інфраструктура і лічбавы гандаль.

24 траўня ў Токіё Байдэн возьме ўдзел у другім чатырохбаковым дыялёгу аб бясьпецы паміж Японіяй, ЗША, Індыяй і Аўстраліяй (Quad).

На сваім апошнім саміце ў сакавіку лідэры Quad пагадзіліся ў тым, што нельга дапусьціць украінскага сцэнару ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне — намякаючы на пагрозу, якая зыходзіць ад Кітая для Тайваня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG