Затрымалі былога прэзыдэнта Малдовы Дадона 

Ігар Дадон падчас сустрэчы з Лукашэнкам, 2022 год

Ігара Дадона падазраюць у дзяржаўнай здрадзе.

Як пішуць малдоўскія СМІ, Ігара Дадона затрымалі на 72 гадзіны.

Яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе, раніцай 24 траўня ў яго дома прайшлі ператрусы. Антыкарупцыйная пракуратура Малдовы і Служба інфармацыі і бясьпекі правялі ператрус у доме былога прэзыдэнта Ігара Дадона падазрэньні ў карупцыі, незаконным абагачэньні і здрадзе радзімы. Аб гэтым выданьню NewsMaker паведамілі ў Генпракуратуры краіны.

Аб тым, што супраць былога прэзыдэнта Малдовы завялі справу, 18 траўня паведаміў партал NewsMaker. Яго западозрылі ў атрыманьні хабару ад экс-кіраўніка Дэмакратычнай партыі і бізнэсмэна Oладзіміра Палахатнюка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Малдовы распачала крымінальную справу, у якой фігуруе экс-прэзыдэнт Ігар Дадон

Выканаўца абавязкаў генэральнага пракурора Малдовы Думітру Робу распарадзіўся пачаць крымінальнае расьсьледаваньне па факце відэазапісаў, якія зьявіліся ў публічнай прасторы летам 2019 году. На відэа былы прэзыдэнт Ігар Дадон атрымлівае ад алігарха, тагачаснага лідэра Дэмакратычнай партыі Ўладзіміра Плахатнюка сумку зь невядомым зьмесьцівам.

У траўні 2020 году былы дэпутат парлямэнту Юры Рэніцэ прадставіў некалькі відэазапісаў з удзелам Ігара Дадона і Ўладзіміра Плахатнюка. У былога старшыні Дэмпартыі ў руках была чорная сумка, якую ён перадаў Ігару Дадону і ў якой, па сьцьвярджэньні Рэніцэ, былі грошы.

24 чэрвеня антыкарупцыйная пракуратура паведаміла аб завяршэньні расьсьледаваньня справы. Пракуратура прыняла рашэньне не распачынаць крымінальную справу, паколькі немагчыма ўстанавіць, што было ў сумцы, якую Плахатнюк перадаў Дадону. Адначасова пракуратура запэўніла, што адновіць расьсьледаваньне, калі зьявяцца пераканаўчыя доказы.

У адказ на паведамленьне аб распачатай сёньня справе Ігар Дадон заявіў, што не зьбіраецца пакідаць краіну.