Расейскі дыплямат у Жэнэве заявіў аб сваёй адстаўцы праз вайну з Украінай

Супрацоўнік расейскага пастаяннага прадстаўніцтва пры ААН у Жэнэве Барыс Бондараў заявіў аб сваёй адстаўцы з прычыны вайны з Украінай.

Паводле яго, за час дыпляматычнай службы яму яшчэ ніколі не было так сорамна за сваю краіну і працу.

«Разьвязаная Пуціным агрэсіўная вайна з Украінай, а па факце з усім заходнім сьветам, — ня толькі злачынства супраць украінскага народу, але і, бадай, самае цяжкае злачынства супраць народа Расеі», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Linkedin.

Бондараў, паводле сайту аддзяленьня ААН у Жэнэве, займаў у пастаянным прадстаўніцтве пасаду дарадцы. Па ягоных словах, ён знаходзіўся на дыпляматычнай службе 20 гадоў.

«На жаль, усе гэтыя дваццаць гадоў узровень хлусьні і непрафэсіяналізму ў рабоце МЗС увесь час узрастаў», — заявіў дыплямат.

Паводле Бондарава, міністэрства замежных спраў Расеі больш не займаецца дыпляматыяй, а «сее хлусьню, распальваньне і вайну».

«У Расеі больш не засталося саюзьнікаў», — напісаў ён, патлумачыўшы гэта агрэсіўнай палітыкай Масквы. Ён хацеў бы прадоўжыць кар’еру, але лічыць, што заставацца на дзяржслужбе сёньня раўнацэнна здрадзе Радзіме.

Бондараў, пэўна, стаў першым расейскім кадравым дыпляматам, які афіцыйна заявіў пра сваю адстаўку праз вайну. МЗС РФ яе пакуль не камэнтавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўны рабін Украіны Машэ Рэўвэн Асман: «Расейскія сілы паводзяць сябе, як нацысты»