«Узмацнілі выведку і прысутнасьць войскаў»,— украінскі Генштаб пра сытуацыю ў памежных раёнах Беларусі

Беларускія вайскоўцы ля мяжы з Украінай, 4 траўня 2022

У Генштабе Ўкраіны заявілі, што пагроза ракетна-авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі застаецца.

Украінская выведка заўважыла на тэрыторыі Беларусі ўзмацненьне выведкі і павелічэньне вайсковай прысутнасьці на Гомельшчыне.

«На валынскім і палескім кірунках Узброеныя сілы Беларусі ўзмоцнена вядуць выведку, разгортваюць дадатковыя падразьдзяленьні ў памежных раёнах Гомельскай вобласьці», — заявіў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

Паводле яго, пагроза ракетна-авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі застаецца.

Што гавораць у Менску

Аб заходах на тэрыторыю Беларусі дывэрсійна-выведвальных груп з боку Ўкраіны заявіў дзяржсакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч у інтэрвію «ВоенТВ» (тэлекампанія Міністэрства абароны), відэавэрсію якога апублікавалі 22 траўня.

«Групоўка ўзброеных сіл на Ровенскім кірунку на ўкраінскай тэрыторыі складае каля 10,5 тысячы чалавек, на Чарнігаўскім — 4,5 тысячы, на Кіеўскім — больш за 5 тысяч чалавек, — сказаў Вальфовіч. — Ідзе інжынэрнае абсталяваньне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы ўздоўж украінскай мяжы, уздоўж нашых паўднёвых рубяжоў. Мінаваньне, ажыцьцяўленьне завалаў, дзеяньне дывэрсійна-выведвальных груп, у тым ліку з заходам на беларускую тэрыторыю».

  • 24 лютага Расея пачала вайну супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускага войска ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час беларуская тэрыторыя з пачатку ўварваньня выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
  • 4 траўня ва Ўзброеных сілах Беларусі пачалася раптоўная праверка сіл рэагаваньня.
  • Генштаб УС Украіны 22 траўня заявіў аб пагрозе нанясеньня ракетных і авіяцыйных удараў зь беларускай тэрыторыі.
  • ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Зяленскага: Кіеў ня пойдзе на замірэньне з Масквой бяз вываду расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі

    Вайна Расеі супраць Украіны

    • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
    • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
    • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
    • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
    • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
    • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
    • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
    • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
    • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
    • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
    • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
    • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.