Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні 40 млрд даляраў дапамогі Ўкраіне. На што пойдуць гэтыя грошы

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

21 траўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні Ўкраіне 40 мільярдаў даляраў, паведамляе Белы дом.

Прэзыдэнт ЗША Джо Бадэн прасіў у Кангрэсу 33 мільярды даляраў для Ўкраіны, але кангрэсмэны нават павялічылі прапанаваную суму. Для выдзяленьня грошай закон павінен быць ухвалены ў Сэнаце і падпісаны прэзыдэнтам.

На мінулым тыдні Сэнат ЗША спрабаваў прыняць закон у паскораным фармаце, але галасаваньне заблякаваў рэспубліканец Рэнд Пол. 13 траўня Пэнтагон папрасіў Сэнат пераадолець блякаваньне дапамогі Ўкраіне, таму што яно можа паўплываць на пастаўкі зброі Ўзброеным сілам Украіны. 19 траўня Сэнат ЗША ўрэшце рэшт ухваліў законапраект.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнатар ад Кентукі заблякаваў паскоранае выдзяленьне $40 млрд дапамогі Ўкраіне

Пакет прадугледжвае выдзяленьне дапамогі ў сфэры бясьпекі на 6 мільярдаў даляраў, у тым ліку навучаньне, абсталяваньне, узбраеньне і падтрымку. Яшчэ 8,7 мільярда даляраў мяркуецца накіраваць на папаўненьне запасаў амэрыканскага абсталяваньня, адпраўленага Ўкраіне, і 3,9 мільярда на апэрацыі Эўрапейскага камандаваньня ЗША.

Акрамя гэтых выдаткаў законапраект прадугледжвае выдзяленьне дадатковых 11 мільярдаў даляраў, якія прэзыдэнт можа выкарыстаць для перадачы прадметаў і паслуг з амэрыканскіх запасаў без ухваленьня Кангрэсу ў адказ на надзвычайную сытуацыю. Байдэн запрошваў на гэтыя мэты 5 мільярдаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэл расейцамі Севераданецку; Сэнат ЗША ўхваліў 40 млрд даляраў дапамогі. 85-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны