У Дзярждэпартамэнце ЗША пракамэнтавалі паведамленьні СМІ аб магчымым прыпыненьні санкцый супраць беларускага калію

Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс

Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс падчас брыфінгу пракамэнтаваў публікацыю ў The Wall Street Journal аб тым, што ЗША разглядаюць магчымасьць прыпыненьня санкцый у дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў у абмен на транзыт украінскага збожжа ў Клайпэду.

У сваім адказе Нэд Прайс адназначна не пацьвердзіў, але і не абверг гэтую інфармацыю.

Ён адзначыў, што апошнімі дні ў ААН абмяркоўвалі многія аспэкты харчовай бясьпекі, зьвязаныя з вайной Расеі супраць Украіны.

«Урад Расеі, выкарыстоўваючы прадукты харчаваньня як зброю, блякуючы экспарт — вываз прадуктаў харчаваньня з партоў Украіны, імкнуўся зьняць зь сябе адказнасьць за свае дзеяньні, абвінавачваючы санкцыі ў збоях у сусьветным гандлі харчаваньнем. Гэта відавочная няпраўда. Нашы санкцыі ў дачыненьні да Расеі канкрэтна выключаюць прадукты харчаваньня і ўгнаеньні», — сказаў Прайс.

Таму, як адзначыў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, найбольш эфэктыўным спосабам палегчыць праблему харчовай бясьпекі з боку Крамля было б «спыненьне гэтай бессэнсоўнай вайны», што дасьць магчымасьць украінскім фэрмэрам вырасьціць ураджай, а марскім судам — даставіць украінскае зерне спажыўцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: Захад можа прыпыніць санкцыі супраць беларускага калію, калі ўлады Беларусі пагодзяцца на транзыт украінскага збожжа

Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту падкрэсьліў, што «ні адна краіна не зрабіла больш, чым ЗША, каб вырашыць гэта пытаньне», а таксама выказаў падтрымку намаганьням генсакратара ААН, накіраваным на тое, каб пераканаць Расею спыніць вайну, і каб Украіна магла бесьперашкодна экспартаваць сваю сельскагаспадарчую прадукцыю, «каб зноў дапамагчы накарміць сьвет».

Гаворачы пра Беларусь, Прайс адзначыў, што санкцыі ў дачыненьні да «Беларуськалія» і «БКК» былі ўведзеныя ў 2020 годзе ў адказ на дзеяньні беларускіх уладаў супраць мірных пратэстаў і парушэньня асноўных правоў чалавека.

«Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае гэтыя дзяржаўныя прадпрыемствы для ўзбагачэньня і падтрыманьня свайго рэпрэсіўнага рэжыму. І да таго часу, пакуль рэжым ня спыніць падтрымку несправакаванай агрэсіі Расеі супраць Украіны, мы працягнем рабіць усе неабходныя дзеяньні для падрыву яго ваенных і фінансавых магчымасьцяў праз мэтанакіраваныя санкцыі, уключаючы дзеяньні, прадпрынятыя супраць Расеі», — сказаў Прайс.

Ён падкрэсьліў, што санкцыі застануцца «ключавым інструмэнтам у намаганьнях ЗША па вырашэньні праблем глябальнай бясьпекі, а таксама парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і ў іншых галінах, якія выклікаюць занепакоенасьць ЗША».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральнаму сакратару ААН перадалі асабістае пасланьне ад Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН прапанаваў зьмякчыць санкцыі супраць Беларусі і Расеі адносна калійных угнаеньняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча прапанавала перанакіраваць экспарт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША дапамогуць Украіне даставіць пшаніцу на рынак без уліку думкі РФ