Мінабароны Расеі абвясьціла аб захопе заводу «Азоўсталь». У Кіеве гэта не камэнтуюць
Пашкоджаныя расейскімі абстрэламі завод «Азоўсталь» у Марыюпалі і жылыя дамы
Мінабароны Расеі заявіла, што завод «Азоўсталь» у Марыюпалі перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў.
Мінабароны Расеі заявіла, што завод «Азоўсталь» у Марыюпалі перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў.
Расейскае ведамства сьцьвярджае, што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі заводу.
Паводле паведамленьня, міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу далажыў Уладзіміру Пуціну аб захопе заводу.
Украінскія ўлады пакуль не камэнтуюць гэтае паведамленьне. Але раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што абаронцы «Азоўсталі» атрымалі дакладны сыгнал ад ваеннага камандаваньня, што яны могуць выйсьці і ўратаваць сваё жыцьцё.
Раней 20 траўня камандзір палку «Азоў» Дзяніс Пракапенка запісаў відэазварот, у якім расказаў пра эвакуацыю з заводу «Азоўсталь».
Пракапенка зьвярнуў увагу, што ваеннае кіраўніцтва Ўкраіны загадала абаронцам Марыюпалю спыніць абарону гораду і захаваць сваё жыцьцё і здароўе.
«Нягледзячы на цяжкія баі, кругавую абарону і недахоп матэрыялаў, мы пастаянна падкрэсьлівалі тры найбольш важныя для нас умовы: мірныя жыхары, параненыя і забітыя. Мірных жыхароў эвакуавалі, цяжка параненым аказалі неабходную дапамогу, іх эвакуавалі з далейшым абменам і дастаўкай на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю. Што тычыцца загінулых герояў, то працэс працягваецца, але я спадзяюся, што ў бліжэйшы час родныя і ўся Ўкраіна змогуць пахаваць сваіх воінаў з ушанаваньнямі», — сказаў камандзір палку.
Напярэдадні намесьнік камандзіра палку «Азоў» Сьвятаслаў «Каліна» Паламар паведаміў, што камандаваньне палку застаецца на тэрыторыі «Азоўсталі».