Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі ракетныя комплексы «Точка-У», «Смерч» і 7 батальёнаў

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Смерч», паведамляе Генштаб Узброеных Сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня.

Таму, як зазначаюць у паведамленьні ўкраінскага Генштабу, пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.

Апрача таго, на Валынскім і Палескім напрамках падразьдзяленьні Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (да сямі батальёнаў) выконваюць задачы ў парадку ратацыі па прыкрыцьці ўчастка ўкраінска-беларускай мяжы.

Таксама, паводле зьвестак Генштабу УСУ, з 22 чэрвеня па 1 ліпеня ў Гомельскай вобласьці заплянавана правядзеньне збораў з прыцягненьнем ваеннаабавязаных.

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзе ў Беларусі яшчэ застаюцца расейскія войскі. МАПА