Камандаваньне палку «Азоў» застаецца на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі — намесьнік камандзіра палку

Сьвятаслаў Паламар, намесьнік камандзіра палку «Азоў»

На тэрыторыі заводу застаецца камандаваньне палку «Азоў», якое разам зь іншымі часткамі ўтрымлівае завод «Азоўсталь» у Марыюпалі

Пра гэта заявіў намесьнік камандзіра палку Сьвятаслаў «Каліна» Паламар у відэазвароце, які ён перадаў журналісту Радыё Свабода.

Ён сказаў, што запісваў зварот на 85-ы дзень вайны, 19 траўня.

«Мы з камандаваньнем знаходзімся на тэрыторыі заводу „Азоўсталь“. Праводзіцца апэрацыя, падрабязнасьці якой раскрываць ня буду. Дзякуй усяму сьвету і дзякуй Украіне за падтрымку. Да сустрэчы», — сказаў Паламар.

18 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што ў Марыюпалі працягваецца апэрацыя па эвакуацыі з заводу «Азоўсталь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З «Азоўсталі» на тэрыторыю, кантраляваную расейцамі, вывезьлі 959 украінскіх вайскоўцаў

У ноч на 17 мая намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па эвакуацыі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі».

Яны былі вывезеныя на тэрыторыю Данецкай вобласьці, у гарады Аленеўка і Новаазоўск, якія кантралююцца расейскімі войскамі і сэпаратыстамі з самаабвешчанай «ДНР».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі аб падрыхтоўцы абмену расейскіх палонных на цяжкапараненых украінцаў з «Азоўсталі»

Завод «Азоўсталь» стаў апошнім апорным пунктам абароны ўкраінскіх войскаў у Марыюпалі, пасьля таго як большая частка гораду перайшла пад кантроль расейскіх вайскоўцаў.

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі раней заяўляў, што Ўкраіна ня мае магчымасьці разблякаваць Марыюпаль ваенным шляхам.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.