Чырвоны Крыж абвяшчае рэгістрацыю ўкраінскіх ваеннапалонных з «Азоўсталі»

Параненыя ўкраінскія вайскоўцы, якіх вывозяць з заводу «Азоўсталь», Марыюпаль, 16 траўня

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа абвясьціў, што пачаў рэгістрацыю сотняў ваеннапалонных, якія пакідаюць завод «Азоўсталь» ва ўкраінскім партовым горадзе Марыюпаль, акупаваным цяпер расейскім войскам.

«За апошнія два дні мы зарэгістравалі сотні ваеннапалонных, якія пакідаюць завод „Азоўсталь“ у Марыюпалі. Улік ваеннапалонных — важная частка нашай працы. Вельмі важна, каб зь імі абыходзіліся па-чалавечы і з годнасьцю», — заявіў МКЧК у Twitter 19 траўня.

Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня, пакуль вядуцца перамовы аб лёсе яшчэ сотняў, якія, як мяркуецца, усё яшчэ знаходзяцца на «Азоўсталі».

Украінскі бок пакуль не камэнтуе заяў Масквы.

У заяве Чырвонага Крыжа гаворыцца, што бягучы працэс рэгістрацыі прадугледжвае дакумэнтаванне асабістых зьвестак, такіх як імя, дата нараджэньня і інфармацыя пра блізкіх сваякоў.

Гэта «дазваляе МКЧК адсочваць тых, хто быў захоплены, і дапамагае ім падтрымліваць сувязь са сваімі сем’ямі», — гаворыцца ў заяве.
У ім дадаецца, што, згодна з Жэнэўскімі канвэнцыямі, МКЧК мае права дапытваць ваеннапалонных «бяз сьведак» і што сустрэчы зь імі не павінны быць «залішне абмежаваныя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З «Азоўсталі» на тэрыторыю, кантраляваную расейцамі, вывезьлі 959 украінскіх вайскоўцаў

18 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што ў Марыюпалі працягваецца апэрацыя па эвакуацыі з заводу «Азоўсталь».

У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі выратаваньня ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўску эвакуявалі 53 цяжка параненых. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленеўку па гуманітарным калідоры.

Раней увечары 16 траўня камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка заявіў, што абаронцы Марыюпаля выканалі загад па выратаваньні жыцьцяў. Парадку ён не ўдакладніў. Ён толькі паведаміў, што вайскоўцы Марыюпальскага гарнізону на працягу 82 дзён «стрымлівалі пераважная сілы праціўніка». Ён указаў на выкананьне «зацьверджанага рашэньня» «вышэйшага вайсковага камандаваньня».

Завод «Азоўсталь» стаў апошнім апорным пунктам абароны ўкраінскіх войскаў у Марыюпалі пасьля таго, як большая частка гораду перайшла пад кантроль расейскіх вайскоўцаў.

Раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна ня мае магчымасьці разблякаваць Марыюпаль ваенным шляхам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З «Азоўсталі» выехалі яшчэ сем аўтобусаў з украінскімі вайскоўцамі, — Reuters

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.