У Кіеве расказалі, што ў Расеі лічаць амэрыканскімі біялябараторыямі ва Ўкраіне

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў

Цэнтар супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Ўкраіны заявіў, што Расея, у адрозьненьне ад Украіны, мае вялікую сетку лябараторый, арыентаваных на распрацоўку біялягічнай зброі.

Цэнтар супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Украіны заявіў, што Расея, у адрозьненьне ад Украіны, мае вялікую сетку лябараторый, арыентаваных на распрацоўку біялягічнай зброі.

Усе постсавецкія рэспублікі супрацоўнічалі з ЗША ў сфэры біятэхналёгій

«Вядома, што ў падмаскоўных гарадах Пушчыне, Серпухаве і Абаленску ў савецкія часы былі створаныя добра абсталяваныя біялябараторыі. Таксама распрацоўкай бактэрыялягічнай і вірусалягічнай зброі займаўся Новасібірскі дзяржаўны навуковы цэнтар вірусалёгіі „Вектор“, заснаваны ў 1974 годзе», — адзначылі ў цэнтры РНБА Ўкраіны.

У цэнтры нагадалі, што з 1991 году адно з падразьдзяленьняў Міністэрства абароны ЗША супрацоўнічала з колішнімі рэспублікамі Савецкага Саюзу, каб зрабіць бясьпечнымі рэшткі зброі масавага зьнішчэньня і папярэдзіць распаўсюд тэхналёгій і патагенаў, якія можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы біялягічнай зброі.

«Увогуле дзейнасьць лябараторый, якія працуюць над супрацьдзеяньнем магчымаму біялягічнаму тэрарызму, не зьяўляецца сакрэтнай і ўжо доўгі час ажыцьцяўляецца супольна Вашынгтонам і Кіевам. Аднак аналягічныя лябараторыі працуюць у Казахстане, Грузіі, Армэніі і нават у Таджыкістане, хоць Расея іхнага існаваньня нібыта не заўважае», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто і чаму ў Расеі падтрымлівае вайну? Тлумачэньне расейскага сацыёляга

Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў замест СЭС

У цэнтры дадалі, што зь сярэдзіны 2000-х украінскую навуку падтрымлівалі грантавыя структуры Эўразьвязу і ЗША. За ўвесь час супрацы ЗША інвэставалі калі 200 мільёнаў даляраў для разьвіцьця 46 лябараторый і мэдычных устаноў Украіны.

Цягам мэдычнай рэформы ва Ўкраіне санітарна-эпідэміялягічную службу рэарганізавалі ў Цэнтры кантролю і прафіляктыкі захворваньняў, і гэты працэс фінансавалі ЗША і іншыя донары.

«Для расейскай прапаганды гэтага факту стала дастаткова, каб выдаваць такія цэнтры за вайсковыя амэрыканскія біялябараторыі. Пры гэтым сёньня ў ААН не выключаюць, што заявы Расеі аб біялягічных лябараторыях могуць быць адным з імаверных этапаў падрыхтоўкі Крамля да магчымых біялягічных ці хімічных апэрацый на тэрыторыі Ўкраіны», — падкрэсьлілі ў цэнтры РНБА.

У паведамленьні адзначаецца, што ўсе лябараторыі ва Ўкраіне ствараліся для звычайных дасьледаваньняў і забясьпечваліся маламагутным абсталяваньнем, якога недастаткова для цэнтру вытворчасьці біялягічнай зброі.

«Стварэньне падобных аб’ектаў вайсковага прызначэньня, ды яшчэ ў значных маштабах, ня могуць застацца па-за ўвагай выведвальных службаў. А вэрсіі пра „баявых галубоў“ ці пандэмію ў выніку зьяданьня кажана — усяго толькі фантастычныя сюжэты прапагандыстаў», — падкрэсьлілі ў Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У эфіры расейскага ТБ ваенны аналітык заклікаў Пуціна выйсьці з вайны супраць Украіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.