Гісторыю вывазу хлопца ў Беларусь і вяртаньня дадому расказалі ў Нацыянальнай паліцыі Чарнігаўскай вобласьці.
Як вёска жыла ў акупацыі
Старэйшая сястра Сяргея Аліна расказала, што ў першыя дні пасьля пачатку вайны ў вёсцы Ягаднай жылі яшчэ па інэрцыі.
«Звонку — нібы нармальна, але з трывогай, якая нарастала. Чулі грукат выбухаў, што ўсё хутчэй набліжаліся. Потым ужо чулася і аўтаматная страляніна. А ў самым пачатку сакавіка снарад прыляцеў у рог нашай хаты, проста ў спальню братоў», — згадала Аліна.
Дзяўчына лічыць, што яны цудам засталіся жывыя пасьля абстрэлу. «Мы хаваліся ад абстрэлу ў найбольш моцнай частцы кватэры — у калідоры. Раніцай перайшлі ў падвал, а ўжо ўвечары ў вёску зайшлі расейцы. Яны загадалі пагрузіць рэчы ў аўтамабіль, бо „павязуць у эвакуацыю“. Але эвакуавалі аж на 300 мэтраў — да школьнага падвалу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Гэта як бамбіць менскі „Ўсход“». Украінская архітэктарка пра разбурэньні і ахвяры вайныАліна кажа, што расейскія вайскоўцы расьсяліліся па хатах і ў падвалах шматкватэрных двухпавярховікаў, а шматлікую вайсковую тэхніку расставілі ўшчыльную да жытла і па гародах, адкуль абстрэльвалі пазыцыі ўкраінскай арміі.
Паводле яе, у цесны падвал школы расейцы сагналі больш за 300 мясцовых жыхароў — наймаладзейшаму было 1,5 месяца, а найстарэйшаму — за 90 гадоў. Выходзіць на сьвежае паветра дазвалялі «пад настрой», і то калі не стралялі. За некалькі дзён сяляне змаглі дамовіцца з расейскімі вайскоўцамі, каб тыя дазволілі на вогнішчы каля школы гатаваць ежу. Менавіта там Сяргея і параніла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Стрэл быў проста ў галаву». Што вядома на гэты момант пра гібель вэтэрынара на мяжы з УкраінайЯк Сяргей атрымаў раненьні
«Быў даволі цёплы дзень, сонца прыгрэла. Людзі гатавалі ежу, іншыя стаялі побач з імправізаванай кухняй. І Сяргейка таксама там быў. Раптам мы пачулі сьвіст снарада, адразу выбух. Брат упаў, я падбегла да яго — з рота ўжо пайшла кроў, закружылася ў галаве, ён нічога не разумеў, але рухацца мог. Суседка дапамагла адвесьці яго да мэдпункту, які расейцы зрабілі ў школе. Там ужо пабачылі, што брата параніла ў сьпіну, а аскепак пайшоў у лёгкія», — расказала Аліна.
Паводле яе, расейцы аказалі Сяргею першую мэдычную дапамогу, а пасьля іньекцыі і кропельніцы зноў адправілі ў падвал начаваць у нялюдзкіх умовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Насыпалі бруствэры, паставілі блёк-пасты». Што цяпер адбываецца на памежжы Беларусі і Ўкраіны«Казалі, што вязуць у Расею»
Сяргей расказаў, што на наступны дзень раніцай яго перавезьлі ў іншую вёску. «Казалі, што адвязуць у Расею. Потым высьветлілася, што ў Гомель. Але я ня ведаў, дзе гэта. Спачатку мяне палажылі ў лякарню разам зь іншымі, рабілі перавязкі, і ўсё. Праз тры тыдні перавялі ў дзіцячую лякарню. А ўжо там зрабілі дзьве апэрацыі. У мяне былі пераламаныя дзьве рабрыны і крыху зачапіла лёгкае», — удакладніў ён.
Хлопец, знаходзячыся ў Гомлі, ня меў сувязі зь сям’ёй. Толькі пасьля адыходу расейскай арміі з Чарнігаўскай вобласьці з бацькамі падлетка зьвязаліся ўкраінскія вайскоўцы. Высьветлілася, што неабыякавыя беларускія мэдыкі пачалі шукаць ягоных сваякоў праз сацыяльныя сеткі.
Калі ў сям’і зьявіўся тэлефон (у часе акупацыі расейскія вайскоўцы забралі ва ўсіх тэлефоны), яны зьвязаліся зь беларускімі мэдыкамі. Гэта быў нумар мэдсястры, якая даглядала ўкраінскага падлетка. Празь яе бацькі падтрымлівалі сувязь са сваім сынам. Заставалася адно — вярнуць яго на бацькаўшчыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Чарнігаве расейцы зьнішчылі лыжную базу, на якой раней ад абстрэлаў хавалася беларуская біятляністка Дар’я БлашкоВяртаньне на радзіму
Супрацоўнікі ювэнальнага дэпартамэнту ўкраінскай паліцыі таксама з сацыяльных сетак даведаліся пра гісторыю Сяргея.
«Як пабачылі ў Facebook допіс беларускай мэдсястры пра ўкраінскага хлопчыка, паліцыянты ювэнальнай прэвэнцыі разам зь міграцыйнай паліцыяй і пры падтрымцы пракуратуры і валянтэраў выбудавалі і рэалізавалі ўсю складаную схему вяртаньня падлетка дадому, ва Ўкраіну», — паведаміла кіраўніца аддзелу ювэнальнай прэвэнцыі паліцыі Чарнігаўшчыны Аксана Агненка.
Паводле яе, складанасьць была ў тым, што афіцыйная беларуская мэдыцына не пагаджалася аддаць хлопчыка сястры, толькі бацькам. Але маці хварэе і ня можа выйсьці з дому хаця б на дзень, а бацька ня мае права выехаць за мяжу, бо ва Ўкраіне забаронены выезд для мужчын ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў. Урэшце праблему ўдалося вырашыць і Аліна выехала ў Польшчу, адтуль — у Менск і ўрэшце — у Гомель.
«Супрацоўнікі ювэнальнай прэвэнцыі ня толькі дапамаглі пакрокава распрацаваць шлях, але і зрабілі ўсё, каб мінімізаваць небясьпеку на ўсіх этапах», — дадала Аксана Агненка.
Прадстаўніца ювэнальнай паліцыі паведаміла, што вяртаньне Сяргей дадому каардынавалі і ўкраінскія памежнікі, якія інфармавалі, дзе найбольш небясьпечна можна перасячы мяжу. Аліна зь Сяргеем спачатку прыехалі ў Валынскую вобласьць, а адтуль цягніком дабраліся да Кіева, дзе іх сустрэлі сваякі і дапамаглі вярнуцца ў Ягаднае на Чарнігаўшчыну.
Сяргей займаецца боксам і хоча як мага хутчэй аднавіць трэнаваньні — ён неаднойчы перамагаў на абласных спаборніцтвах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гісторыя ўкраінскай дзяўчынкі, якой у Беларусі дасталі кулю з галавы, і яе расстралянай расейцамі сям’і